Леанід Кулакоў: Калі ў камерах ЦІПа не дазваляюць асадкі і паперу – звярнуцца ў суд немагчыма
Выпадкі завочнага вынясення судовых пастаноў па адміністратыўных справах у дачыненні ад грамадзянскіх актывістаў – з’ява даволі звыклая. “Ды што на тыя суды хадзіць, калі рашэнне будзе вынесена цалкам прадказальнае?” – заяўляюць часам некаторыя актывісты, ігнаруючы судовыя паседжанні.
Аднак здараюцца не зусім стандартныя сітуацыі, калі грамадзянін па аб’ектыўнай прычыне проста не мае магчымасці патрапіць на суд над сабой. Менавіта так здарылася і з актывістам “Еўрапейскай Беларусі” Леанідам Кулаковым.
За ўдзел у пікеце, які прайшоў на Кастрычніцкай плошчы 22 чэрвеня 2017 года з партрэтамі зняволеных, суд Цэнтральнага раёна Мінска пакараў Леаніда Кулакова арыштам на 10 сутак. Ізноў жа, як практыкуецца апошнім часам, адразу пасля суда актывіста пад варту не ўзялі, а арышт адклалі на няпэўны тэрмін. І толькі напрыканцы верасня ўчастковы інспектар адвёў Кулакова ў ЦІП на Акрэсціна “адбываць суткі”.
Але за гэты час супрацоўнікі міліцыі паспелі скласці на Кулакова новы пратакол адміністратыўнага правапарушэння, ужо за ўдзел у акцыі супраць беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў 8 верасня, нібыта ён “прымаў удзел у руху групы грамадзян” па праспекце Незалежнасці.
Сам Леанід Кулакоў тлумачыць у сваёй скарзе, што на самай справе ён прайшоўся ў той дзень крыху па праспекце да бліжэйшага прыпынку аўтобуса, паколькі з хворай нагой і кавенькай не змог бы дайсці разам з калонай да плошчы Якуба Коласа і там даваць прысягу.
Разгляд новай адміністратыўнай справы ў судзе прызначылі на 3 кастрычніка.
“Я тады сядзеў 10 сутак адміністратыўнага арышту. На “Калузе” мне ў камеру прынеслі позву для азнаямлення і пад подпіс. Аднак папрасіць суд адкласці паседжанне ў мяне магчымасці не было: не дазволілі трымаць у камеры ні асадкі, ні паперы, каб скласці і адаслаць у суд заяву”, - распавядае Кулакоў.
Суд Першамайскага раёна Мінска пастанавіў прызнаць Кулакова вінаватым у парушэнні ч.2. арт. 23.34 КаАП і пакараць штрафам у памеры 40 базавых велічынь.
Гэтае рашэнне Леанід Кулакоў абскардзіў у Мінскім гарадскім судзе, які 4 студзеня вынес рашэнне адмовіць актывісту ў задавальненні скаргі:
“Насуперак довадам скаргі, падстаў лічыць, што Вы былі пазбаўленыя магчымасці паведаміць суду пра немагчымасць яўкі на разгляд справы і карыстацца юрыдычнай дапамогай абаронцы, не маецца, …выкладзеныя ў скарзе довады, нібыта аб адсутнасці магчымасці пры адбыцці адміністратыўнага арышту ў ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама карыстацца пісьмовымі прыналежнасцямі і паведаміць суду аб прычынах, якія перашкаджаюць яўцы на судовае паседжанне, з’яўляюцца неабгрунтаванымі”.
“Выходзіць, што ў нас у Беларусі ўсе грамадзяне маняць і толькі адна ўлада ўмее казаць праўду” – каментуе пастанову Мінгарсуда Леанід Кулакоў.
Дарэчы, пад час анкетавання адміністратыўна арыштаваных пасля адбыцця імі пакарання, праваабаронцы нярэдка фіксавалі выпадкі забароны асадак і паперы у ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама, што пазбаўляла арыштаваных магчымасці своечасова абскардзіць судовыя пастановы.