viasna on patreon

Справаздача па выніках назірання за фарміраваннем участковых выбарчых камісій

2018 2018-01-06T17:46:47+0300 2018-01-08T16:39:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/logo_elections.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Назіранне ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». У назіранні ўдзельнічаюць 29 доўгатэрміновых назіральнікаў у абласных цэнтрах і найбуйнейшых гарадах Беларусі.

АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ

1. Участковыя выбарчыя камісіі (далей – УВК) з’яўляюцца асноўным суб’ектам выбарчага працэсу. Менавіта УВК непасрэдна  арганізуюць і праводзяць  датэрміновае галасаванне,  галасаванне ў дзень правядзення выбараў і па месцы знаходжання выбаршчыкаў, падлік галасоў і ўстанаўленне вынікаў галасавання на выбарчым участку.

2. Як і падчас папярэдніх мясцовых выбараў адной з істотных заканадаўча замацаваных у ВК перашкодаў у вылучэнні прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў у склад УВК з’яўляецца патрабаванне наяўнасці арганізацыйных структур (абласных, гарадскіх, раённых, раённых у гарадах) зарэгістраваных ці пастаўленых на ўлік ва ўстаноўленым законам парадку.

3. Істотных перашкодаў у падачы заяў аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад УВК зафіксавана не было.

4. Усе прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» мелі магчымасць прысутнічаць на пасяджэннях органаў пры фарміраванні УВК, што з’яўляецца станоўчым фактам у параўнанні з мясцовымі выбарамі 2014 г., калі ў 52,3 % выпадкаў прадстаўнікам кампаніі было адмоўлена ў гэтым праве.

5. Не ўсе зацікаўленыя асобы, уключна з прадстаўнікамі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», мелі магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі вылучэння ў склад УВК (пратаколамі сходаў адпаведных структур палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, заяваў грамадзян). У 72,4 % выпадкаў прадстаўнікі органаў, якія фарміравалі УВК, адмаўлялі ў азнаямленні з гэтымі матэрыяламі, што не дазваляе зрабіць высновы аб тым, наколькі вылучэнне ўключаных у склад камісіі прадстаўнікоў адпавядала патрабаванням выбарчага заканадаўства.

6. Адсутнасць у ВК патрабавання аб  абавязковым  указанні месца працы ўключаных у склад камісій не дазваляе паўнавартасна ацаніць склад створаных УВК. У той жа час ВК забараняе ўключаць у склад выбарчых камісій грамадзян некаторых катэгорый (суддзяў, пракурораў, кіраўнікоў мясцовых органаў улады), а таксама ўтрымлівае колькаснае абмежаванне дзяржслужачых у складзе камісій.

7. У 65,5 % выпадкаў пры правядзенні паседжанняў органаў, якія фарміравалі УВК, не адбывалася абмеркавання дзелавых і асабістых якасцяў асобаў, вылучаных у склад камісій. А калі колькасць прэтэндэнтаў перавышала колькасць месцаў у камісіях, у большасці выпадкаў адбывалася персанальнае галасаванне, але абмеркавання кожнай кандыдатуры не было.

8. У 72, 4 % выпадкаў прадстаўнікі кампаніі паведамляюць аб тым, што галасаванне адбывалася па загадзя вызначаннаму спісу прэтэндэнтаў у склад камісій. Гэта сведчыць, што ў большасці выпадкаў фарміраванне УВК насіла фармальны характар і склад камісій быў загадзя вызначаны мясцовымі выканаўчымі органамі ўлады.

9. Роля палітычных партый у фарміраванні УВК застаецца традыцыйна нізкай. З 15 зарэгістраваных у краіне палітычных партый сваіх прадстаўнікоў у склад УВК вылучылі ўсяго 11 (усяго 3 932 чалавекі, альбо 5,89% ад агульнай колькасці вылучаных). З іх 4 апазіцыйныя партыі вылучылі 237 чалавек (0,37% ад агульнай колькасці вылучаных, ці 6% ад агульнай колькасці вылучаных усімі палітычнымі партыямі).

10. Асноўнымі прэтэндэнтамі ў склад УВК сталі прадстаўнікі чатырох найбуйнейшых праўладных грамадскіх аб’яднанняў (БРСМ, “Белая Русь”, Саюз жанчын, Саюз ветэранаў ) і ФПБ. Агулам яны вылучылі 24 725 чалавек (37,05% ад усіх вылучаных).

11. Вынікі фарміравання УВК сведчаць пра захаванне дыскрымінацыйных падыходаў да прадстаўнікоў апазіцыйных партый і рухаў. Так, у склад УВК было ўключана толькі 26 чалавек (11% ад вылучаных) ад апазіцыйных партый. Для прыкладу: ад вылучаных чатырмя праўладнымі грамадскімі аб’ядннаннямі і ФПБ ў склад УВК было ўключана 30 091 чалавек (97% ад вылучаных), а з усіх вылучаных у склад камісій праўладнымі палітычнымі партыямі патрапілі 95,9% ад вылучаных імі.

12. Фарміраванне УВК падчас сёлетніх мясцовых выбараў прайшло ў атмасферы большай галоснасці і адкрытасці, чым падчас папярэдніх мясцовых выбараў 2014 г., аднак у цэлым працэдуры і вынікі фарміравання УВК істотна не адрозніваліся ад папярэдніх выбарчых кампаній. Увядзенне Цэнтральнай камісіяй патрабаванняў па абмеркаванні дзелавых і асабістых якасцяў прэтэндэнтаў, вылучаных у склад выбарчых камісій, фактычна не паспрыяла большаму палітычнаму плюралізму ва УВК.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Справаздача па выніках назірання за фарміраваннем участковых выбарчых камісій

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства