viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Гэта быў няпросты і досыць трывожны год

2017 2017-12-29T08:45:22+0300 2017-12-29T10:54:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_tutby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота: Tut.by

Алесь Бяляцкі. Фота: Tut.by

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі распавядае сайту palitviazni.info пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, палітычныя пераследы, пра тое, якім быў 2017-ы год, і чаго чакаць ад надыходзячага.

“Калі будзе сапраўды палітычная воля на шырокія грамадскія і палітычныя рэформы ў Беларусі, то адчуем і палёгку. А пакуль гэтага няма, то працягнем знаходзіцца ў стане перманентнага супрацьстаяння”, – кажа праваабаронца.

– Гэта быў няпросты і досыць трывожны год, – кажа Алесь Бяляцкі. – Усе мы памятаем, што вясной праходзілі масавыя сацыяльныя акцыі, якія, на жаль, не прывялі да дыялогу паміж грамадскасцю і ўладамі, а наадварот – выклікалі рэпрэсіі ў адказ. У гэтым годзе было рэпрэсавана больш за тысячу чалавек, з’явіліся новыя крымінальныя палітычныя справы, у краіне засталося смяротнае пакаранне. Ніяк не можа вырашыцца пытанне з абмежаваннем грамадзянскіх і палітычных правоў. Нам, як і раней, затыкаюць рот, не даюць магчымасці без страху выказацца, і гэта – ненармальная сітуацыя.

Так не мусіць быць у нармальным грамадстве. Няма павагі з боку ўладаў да простых людзей, да грамадскасці. А гэтая павага павінна быць. І яе мы павінны дабівацца самі.

Як мне падаецца, праблемы, якія былі ў гэтым годзе, хутчэй за ўсё, не знікнуць і ў наступным. Нам трэба змагацца за свае права, калі мы хочам, каб б на крок былі больш вольнымі і жылі ў больш дэмакратычнай атмасферы.

– Тое, што “справа патрыётаў” была спынена, – гэта станоўчы факт?

– Тут найперш трэба задацца пытаннем: “А навошта ўлады ўвогуле распачыналі гэтую справу?” Яна адыграла негатыўную ролю, бо адмыслова распачыналася падчас сацыяльных акцый. Відавочна, што асноўная мэта была – збіць узровень сацыяльных і палітычных пратэстаў. Гэтую правакацыю ўлады арганізавалі для ўзняцця ўзроўню страха ў грамадстве. І тое, што яе спынялі, яшчэ больш падкрэслівае палітычны падтэкст справы.

– Сёняшнюю сітуацыю некаторыя назвалі “жэстачайшай лібералізацыяй”, хаця Захад, відаць, ужо спакойна ставіцца да таго, што адбываецца ў Беларусі.

– Насамрэч сітуацыя з правамі чалавека ў краіне не стала лепшай, яна застаецца на ранейшым узроўні. Але змянілася іншае – у нашым рэгіёне ўвогуле сітуацыя пагоршылася. Расійска-украінскі канфлікт адбіваецца на многіх працэсах, якія праходзяць у постсавецкіх краінах. Вырас узровень пераследу дэмакратычнага грамадства. Гэтыя праблемы застаюцца і ў Азербайджане, і ў той жа Расіі. І гэта трывожныя сімптомы, таму што тое, што адбываецца ў іншых краінах, адбіваецца і на сітуацыі Беларусі.

– Ці можна сітуацыю ў Беларусі параўнаць з азербайджанскім варыянтам?

– У пэўнай ступені можна, хаця, калі паглядзець рэтраспектыўна, то мы, як на арэлях. То ў Азербайджане сітуацыя горшая, то ў нас. Мы гойдаемся туды-сюды, але адно аб’ядноўвае – і тут, і там мы бачым аўтарытарныя рэжымы, якія не даюць свайму народу вольна развівацца, заціскаюць волевыяўленне людзей.

– Як працавалася беларускім праваабаронцам у гэтым годзе?

– Досыць складана, бо старыя праблемы нікуды не зніклі. Гэта нерэгістрацыя праваабарончых арганізацый, выцісканне іх з легітымнага поля, жаданне спецслужб падзяліць нас на больш лаяльных і менш лаяльных да ўладаў.

Таксама не вырашана праблема з беларускай праваабаронцай Аленай Танкачовай, якая мае расійскае грамадзянства. Як вядома, больш за два гады таму яе дэпартавалі з Беларусі, што называецца, выкінулі з краіны па вельмі фармальных прычынах. За гэты час праблема не вырашылася, хаця Алена неаднаразова звярталася ў беларускія органы ўлады. Ды і мы са свайго боку таксама пісалі такія звароты, называючы гэта пераследам праваабаронцаў за іх дзейнасць.

У 2017-м годзе беларускія праваабаронцы перыядычна пераследаваліся ўладамі. Гэта адбывалася вясной, калі нашы калегі з Гомеля, Віцебска, Маладзечна былі асуджаны да адміністрацыйнага арышту, сядзелі на “сутках”. У Мінску наогул 25 сакавіка адбыўся захоп офіса “Вясны”, тады было затрымана амаль 60 чалавек. Пры гэтым затрыманні праходзілі гвалтоўна, з жорсткім прымяненнем сілы. Гэта паказвае, што сілавыя структуры адносяцца да праваабаронцаў вельмі насцярожана, і ў любы момант гатовы ўжываць у дачыненні да нас гвалт. Напружанне ва ўзаемаадносінах застаецца.

– А ці ёсць у вас надзея, што ў наступным годзе нешта можа змяніцца ў лепшы бок?

– Мы з’яўляемся часткай беларускага грамадства, і ў лепшы бок нашая сітуацыя зменіцца тады, калі яна наогул зменіцца ў грамадстве. Гэта значыць, калі будзе сапраўды палітычная воля на шырокія грамадскія і палітычныя рэформы ў Беларусі, то адчуем і палёгку. А пакуль гэтага няма, то мы будзем знаходзіцца ў стане перманентнага супрацьстаяння. Але ўсё ж-такі будзем спадзявацца, што 2018-ы год дасць новыя магчымасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства