viasna on patreon

Створаны “Мемарыял праваабаронцаў”, каб спыніць забойствы за абарону правоў чалавека Відэа

2017 2017-11-29T15:25:33+0300 2017-11-29T16:11:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrd-memorial.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старонка сайта "Мемарыял праваабаронцаў"

Старонка сайта "Мемарыял праваабаронцаў"

Упершыню ў гісторыі створаны асобны рэсурс, які адлюстроўвае праўдзівы размах забойстваў праваабаронцаў у свеце. Па ацэначных звестках, з 1998 года за сваю мірную працы ў абарону правоў іншых людзей загінулі каля 3 500 праваабаронцаў. “Мемарыял праваабаронцаў” стане не проста хронікай, але і помнікам іх жыцця, працы і дасягненняў.

“Мемарыял праваабаронцаў”, які распачаў працу 24 лістапада, складаецца з двух элементаў: базы даных, якая ўтрымлівае звесткі пра забітых праваабаронцаў і інфармацыю пра поспехі ў прыцягненні вінаватых да адказнасці; а таксама вэб-сайт з профільнымі старонкамі асобных праваабаронцаў, дзе распавядаецца пра іх жыццё і дасягненні. Пакуль Мемарыял напоўнены мінімальнай колькасцю кейсаў, аднак у бліжэйшыя месяцы яго стваральнікі плануюць дадаць туды імёны і асабістыя звесткі ўсіх забітых праваабаронцаў.

Профіль Наталлі Эстэміравай, забітай у Чачні ў 2009 годзе
Профіль Наталлі Эстэміравай, забітай у Чачні ў 2009 годзе

“Супраць правоў чалавека абвешчаная вайна. Самы экстрэмальны аспект гэтай вайны — забойствы праваабаронцаў. І мы павінны працаваць зараз, каб спыніць гэтыя злачынствы”, - кажа Эндру Андэрсан (на відэа), выканаўчы дырэктар арганізацыі  Front Line Defenders, якая з’яўляецца пачынальнікам ініцыятывы.

Мэта “Мемарыялу праваабаронцаў” — ушанаванне жыцця і дасягненняў тых, хто быў забіты.  

Сёлета, наколькі нам вядома, ужо былі забітыя 205 праваабаронцаў, і гэтая лічба, верагодна, большая.

Той, хто здзейсніў гэтыя забойствы, намагаюцца прымусіць праваабаронцаў замаўчаць і маргіналізаваць праблемы, над якімі яны працавалі.

Мы ж хочам, каб праца праваабаронцаў не паміралі. Хочам адзначыць іх дасягненні. Хочам даць магчымасць іх сем'ям і калегам памятаць пра сваіх блізкіх, пра тых, хто быў трагічна забіты за сваю працу ў галіне правоў чалавека.

Праваабаронцы гінуць амаль кожны дзень. Вось прыйшла навіна пра забойства 22-гадовага праваабаронцы ў Гватэмале, які займаўся экалагічнымі правамі. Яго звалі Джэрэмі Абрахам Барыёс Ліма. Ён супрацоўнічаў з арганізацыяй, якую мы добра ведаем… Гэта жахліва, калі забіваюць людзей, якіх вы ведаеце. А ёсць жа шмат праваабаронцаў, якія працуюць паасобку і ў месцах, далёкіх ад увагі грамадскасці…

Маштабы гэтых забойстваў жахлівыя. Калі мы паглядзім на перыяд пасля прыняцця Дэкларацыі аб праваабаронцах ў 1998 годзе (калі міжнародная супольнасць пагадзілася, што павінны быць захады па абароне праваабаронцаў), то, верагодна, можам казаць пра прыкладна 3 500 асобаў, якія былі забітыя за сваю працу па абароне правоў іншых людзей”.

Эндру Андэрсан падкрэслівае важнасць таго, што ініцыятыва “Мемарыял праваабаронцаў” аб’ядноўвае шмат арганізацыяў, некаторыя з іх працуюць на мясцовым і нацыянальным узроўні ў такіх краінах, як Мексіка, Гандурас, Гватэмала, Калумбія, Бразілія, дзе вялікая колькасць праваабаронцаў сталі ахвярамі забойстваў. Яны збіраюць сярод сем’і і калегаў забітых сведчанні, фотаздымкі, відэа, інфармацыю пра ахвяраў.  

На дадзены момант у сетку ўваходзяць Amnesty International, Article 19, CIVICUS, Праграма абароны праваабаронцаў ва Усходняй Афрыцы і на Афрыканскім Рогу, FIDH, Forum Asia, Мезаамерыканская ініцыятыва, Сусветная арганізацыя супраць катаванняў, Міжнародныя брыгады міру, Фонд хуткага рэагавання і іншыя.

Да сеткі “Мемарыял праваабаронцаў” можа далучыцца любая арганізацыя, якая падзяляе яе мэту – пакласці канец забойствам праваабаронцаў. Для гэтага трэба напісаць на электронную скрыню hrdmemorial@frontlinedefenders.org. Таксама на гэты адрас могуць звяртацца арганізацыі, якія жадаюць прадаставіць інфармацыю для ініцыятывы.   

Удзельнікі ініцыятывы падкрэсліваюць, што “Мемарыял праваабаронцаў” - гэта свабода казаць праўду ў вочы тым урадам, якія лічаць, што праваабаронцы - гэта расходны матэрыял, людзі, якіх можна ліквідаваць без наступстваў. Гэта таксама магчымасць выказаць салідарнасць і падтрымаць родных, сяброў і калегаў праваабаронцаў, нагадаўшы ім, што ніхто не забыты. Акрамя таго, гэта платформа для прыцягнення ўвагі грамадскасці да размаху праблемы і правядзення эфектыўных кампаній і абароны інтарэсаў з тым, каб палітычная цана забойства праваабаронцаў значна вырасла; у гэтым выпадку афіцыйныя асобы і іх прыхільнікі, перш чым вырашыцца на забойства, падумаюць двойчы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства