viasna on patreon

Алена Лапцёнак: Дзённікі палітвязняў – найкаштоўнейшы гістарычны матэрыял

2017 2017-11-26T09:39:14+0300 2017-11-27T11:01:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/turemnala-litaratura-vilnia-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алена Лапцёнак прадстаўляе першыя кнігі серыі “Беларуская турэмная літаратура” на IV Форуме праваабаронцаў у Вільні. Фота: ПЦ “Вясна”.

Алена Лапцёнак прадстаўляе першыя кнігі серыі “Беларуская турэмная літаратура” на IV Форуме праваабаронцаў у Вільні. Фота: ПЦ “Вясна”.

Літаральна праз некалькі дзён у Мінску адбудзецца прэзентацыя першых кніг новай серыі “Беларуская турэмная літаратура”. Гэтая серыя была запачаткаваная сёлета і апякуецца Праваабарончым цэнтрам “Вясна”. На гэты час выйшлі з друку кнігі-дзённікі былых палітвязняў Ігара Аліневіча „Еду ў Магадан” і Змітра Дразда „Бунт батанікаў”. Пра “Беларускую турэмную літаратуру” і актуальнасць новага праваабарончага праекту гутарым з рэдактаркай серыі Аленай Лапцёнак.

– Спадарыня Алена, наколькі вядома, кнігі-дзённікі былых палітвязняў Ігара Аліневіча „Еду ў Магадан” і Змітра Дразда „Бунт батанікаў” выдаваліся раней. Чаму ўзнікла патрэба ізноў вярнуцца да творчасці гэтых аўтараў?

– Па-першае, актуальнасць  кніг, якія назвалі вышэй, не губляецца і да сёння. Практыка паказвае, дакументальныя творы, у якіх апісваецца ўласны вопыт аўтара, заўсёды цікавіць чытачоў. Асобнікі ж кніг Аліневіча і Дразда даўно разыйшліся па руках, наклад “Бунта батанікаў”, у прынцыпе, быў усяго 50 экзэмпляраў. Да таго ж версія дзённіка “Я еду ў Магадан” цалкам беларускамоўная, бо папярэднія выданні, а іх было некалькі, выходзілі на рускай мове. Праўда, часткова тэкст на беларускай мове друкавала незалежная газета “Новы час”, але асобнага выдання не было, пры гэтым, дзённік цалкам перакладзены на англійскую, сербскахарвацкую, польскую, нямецкую, французскую, іспанскую і чэшскую мовы. Таксама ў новае выданне Ігара Аліневіча “Еду ў Магадан”, акрамя ўласна дзённіка ўключаны іншыя артыкулы аўтара, напісаныя пазней. Напрыклад, частка кнігі пад назвай “Па той бок плота” з агульнымі парадамі і тлумачэннем, што да чаго, у якой шмат жарганізмаў, бо рэчы тут названыя сваімі імёнамі, напісаны ўжо пасля вызвалення і была размешчана ў лютым гэтага году на адным з сайтаў.

А ўвогуле, ідэя аб’яднаць кнігі палітвязняў у адной серыі мне падаецца даволі лагічнай, бо так атрымліваецца, што ў сучаснай Беларусі па палітычных матывах за краты траплялі грамадскія актывісты, палітычныя дзеячы, журналісты, літаратары, якія добра валодаюць словам, і якія здолелі апісаць усё, праз што ім прайшлося прайсці. Нездарма ў 2013 годзе нават была заснаваная асобная прэмія імя Францішка Аляхновіча за лепшы твор, напісаны ў зняволенні, першым лаўрэатам якой аккурат і стаў Ігар Аліневіч. Таксама цікавым выданнем атрымаўся зборнік “Голас волі з-за кратаў. Анталогія твораў беларускіх палітзняволеных”, у якім шмат вершаў і які ўкладзены яшчэ адным палітвязнем Аляксандрам Фядутам, а выдадзены быў ЕГУ ў Вільні ў 2013 годзе. Наша серыя ж збірае аўтараў падобных лёсаў пад рознымі вокладкамі, мяркую, кожнаму з іх будзе важна мець сваю асабістую кнігу.  

– А ўвогуле, навошта сучаснаму чалавеку акунацца ў змрочны свет калоній і ізалятараў, вязняў, чытаць пра іх разважанні, думкі?

– Калі гаварыць пра дзённікі менавіта палітычных зняволеных Ігара Аліневіча і Змітра Дразда, дык яны напісаныя таленавіта, цікава, чытач не толькі акунаецца ў турэмныя рэаліі, але і спасцігае унутраны стан чалавека, які аказаўся ў стрэсавай сітуацыі – тут і псіхалагічны партрэт, і роздум над сваім жыццём, і аналіз сітуацыі, і эмоцыі. Вось у Змітра Дразда так пранікнёна пра гэта:

“Хочется что-то написать — о жизни, о том, что было в ней счастье — и уже ничего не будет. Я человек, который потерял почти всё — есть только мама, бабушка, но всё это так зыбко, сейчас моя тюрьма вряд ли прибавит им здоровья. Может быть, можно вернуться домой  — но  нельзя  вернуться  таким же, каким был. Ещё всего лишь 2 месяца я здесь, а уже чувствую, что есть какая­то рана — наверно, как у того, кто был на фронте, — а впереди ещё зона — и нет у меня сейчас никаких сил жить дальше — нет сил верить в хеппи­энд. Может, попробовать развлечься, написав поэму обо всём пережитом — но ни поэзией, ни прозой не передать многое из пережитого, — оно во мне — одним комком, а начать его разжёвывать — всё не то выйдет. Всё погибло — остались только картинки, которые умрут вместе со мной. Пронёс я по этой жизни всё своё убожество, испорченность, сдвиг — и ничего не вышло: ни толковых стихов, ни фото — и книгу своей жизни я уже не напишу — я пуст. Никаких новых отношений с женщиной не хочу —  всё разваливается, остаются лишь воспоминания, от которых только боль…”

Зміцер Дрозд пад час прэзентацыі кнігі „Бунт батанікаў” на IV Форуме праваабаронцаў у Вільні. Фота: ПЦ “Вясна”.
Зміцер Дрозд пад час прэзентацыі кнігі „Бунт батанікаў” на IV Форуме праваабаронцаў у Вільні. Фота: ПЦ “Вясна”.

Сам па сабе літаратурны дзённік у прынцыпе цікавая празаічная форма, бо знаходзіцца на стыку дакументальнага і мастацкага жанраў. З аднаго боку, факт, перавага падзей, дакладнасць, непасрэднасць сведчанняў, з другога боку, на першым плане асоба аўтара, яго рэфлексіі, эмоцыі, ягоная праўда і ягоныя здольнасці па-мастацку ўсё гэта перадаць.

Усе гэтыя калоніі, турмы, умовы ўтрымання, праваабаронцы даследуюць, аналізуюць, праводзяць маніторынгі, фіксуюць парушэнні правоў чалавека. А што могуць дадаць новага да гэтай інфармацыі дзённікі, якія пісаліся ў зняволенні альбо пасля, па гарачых слядах?

Пачнем з таго, што для беларускіх праваабаронцаў, як і для ўсяго беларускага грамадства, установы адбыцця пакарання і па крымінальных справах, і па адміністратыўных, практычна цалкам закрытыя, даследваць іх можна хіба праз асабісты вопыт знаходжання ў іх, альбо праз сведчанні тых, хто аказаўся “па той бок плоту”. Ні дзяржаўная прэса, ні афіцыйныя структуры МУС, ні Дэпартамент выканання пакаранняў вам такой інфармацыі не прадставяць.  Канешне, існуе гэтак званая Грамадская рада пры МУС, ды што пра яе казаць: адзінае, што яны могуць – адправіць туды Давыдзьку з Дарафеевай, каб тыя захапіліся ўбачаным там “харчаваннем на вышэйшым узроўні, як у рэстарацыі” ці “скрайне дзелавым асяродкам”. Можна падумаць, што кагосьці з інспекцыі ўвогуле павядуць у тыя камеры, дзе брудна, смярдзіць і колькасць асобаў перавышае дазволеныя нормы.

Такім чынам, дзённікі палітвязняў наўпрост з’яўляюцца дакументальнымі занатоўкамі тых умоваў, у якіх рэальна праходзіць жыццё зняволеных, а таксама фактаў ўздзеяння ці ціску менавіта на палітычных апанентаў дзеючай улады найкаштоўным у сваёй важнасці гістарычным матэрыялам.

“За  масавым рэжымным дэбілізмам надыходзіць кропкавы, персанальны. У спякоту чапляюцца да незашпіленага верхняга гузіка, у холад — да паднятага каўняра целагрэйкі або робы. Або забараняюць ісці на званкі, калі выйшаў пазней, каб не стаяць дзве гадзіны ў чарзе. Або запускаюць родных на спатканне не раніцай, а пасля абеду, і не важна, што людзі прыехалі ў 8 гадзін. Або адпраўляюць пасылку назад, «забыўшыся» зрабіць пазнаку ў асабістай картцы. Я нават шалік не магу завязаць так, як хачу, опер асабіста адчытваў мяне за гэта! Памятаю, як трэба было ставіць атас [падымаць хвалю абурэння. Рэд.], каб... памыцца. Я не жартую: калі заставалі за абліваннем вадой на ўмывальніку, саджалі ў ШІЗА за «парушэнне распарадку дня». Гэта ва ўмовах, калі душ — адзін раз на тыдзень. Такую колькасць Дэпартамент [выканання пакаранняў. Рэд.] лічыць цалкам дастатковай,” апісвае парадкі на зоне Ігар Аліневіч у адным з новых артыкулаў, уключаным у яго кнігу турэмнай серыі.

Былы палітвязень Ігар Аліневіч пасля вызвалення з калоніі ў 2015 годзе разам з праваабаронцамі “Вясны”. Фота: ПЦ “Вясна”.
Былы палітвязень Ігар Аліневіч (у цэнтры) пасля вызвалення з калоніі ў 2015 годзе разам з праваабаронцамі “Вясны”. Фота: ПЦ “Вясна”.

Выданне класічных папяровых кніг – складаная і карпатлівая справа. Чаму вырашылі іх выдаваць не электроннымі кнігамі, як модна стала зараз, а папяровымі выданнямі?

Як у народзе кажуць: узяў у рукі, дык маеш рэч. А калі казаць сур’ёзна, то друкаваны экзэмпляр не патрабуе ніякіх сучасных прыладаў, бяры ды чытай. Паколькі афармленне кнігі таксама важнае, аўтары розныя, але выданні аб’яднаныя не толькі турэмнай тэматыкай, і дызайнам, нават колер паперы пажухлы – падабраны адмыслова. Спадзяюся, і іншыя аўтары не будуць супраць абранага намі стылю.

Ці плануецца працяг гэтай серыі з выданнем арыгінальных твораў, з якімі раней чытачы не сутыкаліся?

Безумоўна, серыя толькі пачалася, будзе і тое, і другое. Але гэта не значыцца, што чакаем новых вязняў, не, мы чакаем новых твораў, хоць перавыданні ранейшых аўтараў ў новым фармаце таксама былі б дарэчы. Зразумела, што цікавасць да арыгінальных твораў, якія раней не выходзілі, большая. Увагі заслугоўваюць турэмная кніга Алеся Кіркевіча, варыянт якой друкаваўся некалі ў часопісе “Дзеяслоў”, Ці “Іртутнае срэбра жыцця”, якую палітвязень Алесь Бяляцкі назваў з удакладненнем – “Пралог. Нататкі праваабронцы”, таму, напэўна, чакаецца і працяг. Альбо “Турэмны дзённік” аднаго з першых беларускіх палітвязняў незалежнай Беларусі паэта Славаміра Адамовіча, які выдаваўся яшчэ ў 2001 годзе, за гэты час вырасла новае пакаленне, чаму б не перавыдаць гэтую кнігу, уключыўшы ў яе таксама новыя тэксты?  

Нагадаем, што прэзентацыя першых кніг з серыі “Беларуская турэмная літаратура” адбудзецца 28 лістапада ў Прэс-клубе. Пачатак у 18-30. На суд чытача будуць прадстаўленыя дзённікі былых палітвязняў Змітра Дразда і Ігара Аліневіча.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства