viasna on patreon

Ад беларускіх уладаў патрабуюць спыніць пераслед журналістаў-фрылансараў

2017 2017-11-17T11:23:12+0300 2017-11-17T11:24:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fotazhurnalist.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародная федэрацыя журналістаў (МФЖ) і ўдзельнікі канферэнцыі "Перспектывы і выклікі фрыланс-журналістыцы ў Еўропе. Адмысловы фокус на Беларусі", якая прайшла 16 лістапада ў Мінску, патрабуюць ад уладаў Беларусі спыніць пераслед журналістаў-фрылансараў, паведамляе БелаПАН.

Канферэнцыя, арганізаваная МФЖ сумесна з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, сабрала каля 50 удзельнікаў з Беларусі, Украіны, Вялікабрытаніі, Германіі, Нарвегіі, Іспаніі, Італіі, Францыі, Швецыі і Эстоніі. Запрошаныя прадстаўнікі дзяржаўных органаў мерапрыемства праігнаравалі.

Як адзначаецца ў прынятай рэзалюцыі, журналісты-фрылансары "адчуваюць складанасці пры ажыццяўленні сваёй прафесійнай дзейнасці ў некаторых краінах Еўропы", але ў Беларусі націск на іх з'яўляецца беспрэцэдэнтным. Міліцыя і суды, насуперак фармулёўкам заканадаўства аб СМІ, абавязваюць атрымліваць акрэдытацыю ў Міністэрстве замежных спраў для журналістаў-фрылансараў, якія не з'яўляюцца штатнымі супрацоўнікамі замежных СМІ, а затым — "неабгрунтавана прыраўноўваюць дзейнасць без акрэдытацыі да парушэння парадку вырабу і распаўсюджвання прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях)".

"Аднак прадукцыю СМІ вырабляюць не журналісты, а рэдакцыі, і распаўсюджваюць яе не журналісты, а распаўсюджвальнікі СМІ. Зыходзячы з прадстаўленых у законе "Аб сродках масавай інфармацыі" дэфініцый, журналіст не з'яўляецца суб'ектам вырабу прадукцыі СМІ, а таксама яе распаўсюду. Адпаведна, яго нельга прыцягнуць да адказнасці за парушэнне парадку ажыццяўлення гэтай дзейнасці нават у тым выпадку, калі ён рыхтаваў матэрыял без акрэдытацыі", — упэўнены аўтары рэзалюцыі.

У дакуменце таксама адзначаецца, што з 2014 года ў Беларусі ў дачыненні да журналістаў-фрылансараў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, прымяняюцца "штрафы значных памераў, якія часта перавышаюць памеры месячных спажывецкіх бюджэтаў на чалавека". У 2014—2016 гадах у краіне было зафіксавана не менш як 48 выпадкаў штрафаў на агульную суму каля 15 тысяч еўра, а за дзесяць месяцаў 2017 года — ужо 50 штрафаў на 18 тысяч еўра ў эквіваленце.

У сувязі з гэтым прадстаўнікі МФЖ і астатнія ўдзельнікі канферэнцыі запатрабавалі ад беларускіх уладаў спыніць пераслед журналістаў-фрылансараў за іх прафесійную дзейнасць; замацаваць у нацыянальным заканадаўстве статус журналістаў-фрылансараў для забеспячэння іх правоў і законных інтарэсаў; адмяніць патрабаванне аб абавязковай акрэдытацыі ў МЗС журналістаў замежных СМІ, а таксама пачаць прымяняць на практыцы нормы міжнароднага права, якія рэгулююць права на свабоднае выказванне свайго меркавання і на свабодны распаўсюд інфармацыі.

Удзельнікі канферэнцыі таксама заклікалі замежных журналістаў да салідарнасці з беларускімі фрылансарамі і заявілі аб намеры "працягнуць лабіраванне інтарэсаў журналістаў-фрылансараў на міжнародным палітычным узроўні".

"Самай вострай праблемай у медыяпрасторы Беларусі з'яўляецца адкрыты пераслед журналістаў-фрылансараў. Ва ўсякім выпадку, апошні час дае шматлікія доказы гэтаму", — заявіў на канферэнцыі юрыст, экс-суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі ўлады свядома не даюць акрэдытацыю непажаданым СМІ і "фактычна журналісты апынуліся пад сур'ёзным ударам".

"Журналісты-фрылансары не маюць у Беларусі легальнага статусу. Улада іх не заўважае, дакладней, заўважае і пераследуе", — канстатаваў юрыст.

На яго думку, сітуацыю можна выправіць, уключыўшы ў заканадаўства аб СМІ паняцце "журналіст-фрылансар".

"Гэта цалкам лагічна, з пазіцыі правы — гэта проста прабел, яго трэба папоўніць. Патрэбна фармулёўка, якая ўраўнавала б фрылансараў у правах з іншымі журналістамі", — сказаў Пастухоў.

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў паведаміў, што на гэты момант у Камітэце ААН па правах чалавека зарэгістраваны і чакаюць свайго разгляду некалькі скаргаў беларускіх журналістаў-фрылансараў у сувязі з вынесенымі ім штрафамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства