Мінск не хоча выконваць абавязацельстваў у Балонскім працэсе
Ціск, шантаж, адлічэнні па палітычных прычынах. Эксперты канстатуюць: замест таго, каб быць асяродкам інтэлектуальнага развіцця, беларускія ўніверсітэты працягваюць нагадваць рэжымныя аб’екты, паведамляе Радыё "Рацыя".
Адметна, што з 2015 года Беларусь далучана да Балонскага працэсу, у які ўваходзяць вучэльні з усёй Еўропы, а беларускія ўлады забавязаліся забяспечыць акадэмічныя свабоды. Тым часам, ніякага намёку на аўтамносць універсітэтаў, выбарнасць рэктарату і ўвядзенне студэнцкага самакіравання. Адлічаныя студэнты, а таксама адмыслоўцы ў сферы адукацыі і абароны правоў чалавека зладзілі канферэнцыю ў Беларускім Доме ў Варшаве. Яны пераконваюць – Захад павінен ціснуць на афіцыйны Менск, каб той датрымліваўся сваіх абавязацельстваў.
Зміцер Салаўёў з Праваабарончага цэнтру «Вясна» зазначае: беларускія вучэльні зацікаўлены ў еўрапейскіх грошах, а не стандартах. Тым часам, пакуль Захад выдзяляе афіцыйнаму Мінску сродкі на розныя праекты, сітуацыя толькі пагаршаецца.
Зміцер Салаўёў:
Ёсць выпадкі, калі студэнты выехалі на некалькі дзён, нават на дзень, як напрыклад, Крысціян Шынкевіч у Польшчу, і іх за гэта выгналі з універсітэтаў. Сказалі, 6 гадзінаў прапусціў – усё, вось табе вымова, дастаткова, каб было дзве вымовы. Пры чым, як аказалася падчас суду, калі Крысціян Шынкевіч спрабаваў абскардзіць сваё выключэнне, яму наўпрост у вочы сказалі, што вымову можна даць нават за спазненне. Выгнаць студэнта можна нават за такую драбязу.
Пра свае гісторыі адлічэнняў на канферэнцыі ў Варшаве распавялі двое беларускіх студэнтаў. Пятра Маркелава, у мінулым актывіста “Руху за Свабоду”, а цяпер сустваральніка Грамадскага руху “Дзея”, адлічалі з фізічнага факультэту БДУ ажно два разы. Актывіст тлумачыць, што адлічэнні былі палітычна матываваныя, пра што яму не раз давалі зразумець у кіраўніцтве вучэльні.
Пётр Маркелаў:
Першы раз мяне адлічылі праз год пасля таго, як я ўдзельнічаў у мясцовых выбарах, і другі раз мяне адлічылі за тры дні да Новага Году. Натуральна, што за лайкі ў Фэйсбуку і за крамольныя допісы не выключаюць. Выключаюць за няздачу залікаў, выключаюць за пропускі заняткаў. Натуральна, я як і ўсе студэнты прапускаў заняткі, бо ў беларускім універсітэце немагчыма не прапускаць заняткі. У сітуацыі, калі ў правілах напісана пра 4 гадзіны пропускаў, калі ўжо больш, то і студэнта могуць выключыць. Не напісана, на якіх дадатковых падставах яго могуць выключыць, таму фактычна, рэктару было дадзена права вырашаць, каго пакідаць ва ўніверсітэтах, а каго – не пакідаць.
Адметна, што апошняй падставай для вымовы Пятру Маркелаву стала… непаказанне студэнцкага білета ахоўніку на ўваходзе ў будынак фізфаку. Актывіст дадае – варта звяртаць увагу не толькі на бяспраўнасць адлічэнняў у выпадках палітычных матываў. Дзейны распарадак дапускае да сітуацыяў, калі студэнта могуць адлічыць нават з-за асабістага канфлікту з дэканам і рэктарам.
Пётр Маркелаў:
Натуральна, прыклад адлічанага студэнта – ён страшны для студэнта. Асабліва гэта тычыцца тых, хто жыве ў інтэрнатах, у каго бацькі плацяць за навучанне – тут ёсць вельмі шмат рычагоў, на якія можна націснуць, каб застрашыць студэнта.
Іншы адлічаны студэнт, кіраўнік “Моладзі БНФ” і намеснік старшыні Партыі БНФ звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі можна спадзявацца новых рэпрэсіяў у дачыненні да студэнтаў.
Юрась Лукашэвіч:
Яшчэ адной мэтай гэтай кампаніі з’яўляецца тое, каб прадухіліць новыя адлічэнні, бо ёсць ужо пэўныя сігналы, напрыклад, у «Моладзі БНФ» – іх актывістаў збіраюцца выключаць пасля мясцовых выбараў. У нас актывісты навучаюцца на журфаку, на гістфаку, зразумела, што там зараз ціск узмоцнены. Таму безумоўна, трэба, каб еўрапейскія структуры на афіцыйных сустрэчах уздымалі гэтыя пытанні, каб не толькі адбыліся каардынальныя змены, але каб не адбыліся новыя адлічэнні.
Юрась Лукашэвіч таксама дадаў, што многія студэнты баяцца ўвогуле як-небудзь сябе праявіць у грамадскай дзейнасці – кіраўніцтва ўніверсітэтаў выкарыстоўвае брудныя метады шантажу і пагрозаў, карыстаюцца падпарадкаванасцю студэнтаў. У той жа час, намеснік старшыні Партыі БНФ зазначыў, што медыям варта больш распавядаць пра Праграму імя Каліноўскага і іншыя шляхі працягнуць адукацыю пасля выключэння, бо многія студэнты нават і не чулі аб гэтых ініцыятывах.
Ён Фрыдхольм, прадстаўнік шведскай праваабарончай арганізацыі «Остгрупэн», заслухаўшы выступы беларусаў, назваў дзеянні рэктараў ганебнымі, недапушчальнымі да тэрміну “ўніверсітэт”. Праваабаронца зазначыў, што Захад не павінен закрываць вочы на гэтыя парушэнні.
Ён Фрыдхольм:
Акадэмія без свабоды – гэта нішто. Няма ніякай магчымасці адкрыць нешта новае. Мне падаецца, гэта дрэнна для ўсіх – для якасці ўніверсітэту, для грамадства, для будучыні, для студэнтаў. Гэта дрэнна для краіны.
Ужо ў бліжэйшы час Беларусь мае прадставіць перад еўрапейскімі партнёрамі вынікі ўвядзення акадэмічных свабодаў ва ўніверсітэты. Адметна, што Беларусь уключылі ў Балонскі працэс без выканання гэтае важнае ўмовы, з разлікам на тое, што афіцыйны Мінск сам падцягнецца да стандартаў еўрапейскай адукацыі. З гэтае нагоды, Беларусь забавязалі падпісаць дакумент. Тое ж, што адбывалася ў апошнія два гады ў беларускіх вучэльнях, у чарговы раз ставіць пад сумнеў рэпутацыю краіны, а таксама здольнасць Беларусі выконваць дамоўленасці.
Уладзімір Дунаеў, сябра Грамадскага Балонскага камітэту:
Вядома, усё гэта абсалютна несумяшчальна з Балонскім працэсам і абавязацельствамі, якая ўзяла на сябе Беларусь. Справа ў тым, што дарожная мапа – гэта не нейкія абстрактныя задачы. Гэта абсалютна рэальныя задачы, звязаныя з адпаведнасцю нейкім еўрапейскім стандартам, у тым ліку, і ў адносінах да акадэмічных каштоўнасцяў. Ёсць дакумент, які Беларусь абавязалася імплементаваць. Гэта так званыя рэкамендацыі Рады Еўропы аб адказнасці дзяржавы за акадэмічную свабоду і ўніверсітэцкую аўтаномію. І ў гэтым сэнсе, першае, што стаіць у гэтым дакуменце, гэта забяспечыць умовы, пры якіх і ў студэнтаў, і ў выкладчыкаў не будзе аніякага страху за тое, што яны робяць. За даследаванні, выказванні, навучанне, нейкую грамадскую дзейнасць. Таму, я не ведаю, як беларускія ўлады збіраюцца даваць справаздачу.
Адмыслоўцы дадаюць, што праз універсітэты праходзіць ільвіная доля беларускага грамадства. Сучасная дзейнасць універсітэтаў ў выглядзе дэ-факта казарменных установаў можа абярнуцца гуманітарнай катастрофай – замест таго, каб фармаваць вольных грамадзянаў, ВНУ займаюцца падаўленнем ініцыятыўнасці і свабоднага мыслення. Нават у аўтырытарных дыктатурах – у краінах Лацінскай Амерыкі 80-ых гадоў, а таксама камуністычнай Польшчы, універсітэты захоўвалі сваю аўтаномію. Адсутнасць сапраўдных універсітэтаў жа можа давесці да разумовай дэградацыі ўсёй нацыі.