8 сьнежня Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу моладзевага грамадзкага аб’яднаньня “Маладыя сацыял-дэмакраты” на рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі гэтай арганізацыі.
Судзьдзя Вярхоўнага суду Сакалоўская й пракурор Арцюшэнка падтрымалі довад прадстаўніцы Мінюсту Кірыкавай аб тым, што МСД парушыў дзейнае заканадаўства, запісаўшы ў Статут, што адной з мэтаў арганізацыі зьяўляецца выхаваньне ў моладзі палітычнай культуры й агульначалавечых каштоўнасьцяў. Ні суд, ні пракурор, на жаль, не адрэагавалі на парушэньні дзейнага заканадаўства самім Міністэрствам юстыцыі, якое пратэрмінавала адказ аб адмове ў рэгістрацыі “Маладых сацыял-дэмакратаў” амаль на тры месяцы.
Працэс па празглядзе скаргі грамадзкага аб’яднаньня “Маладыя сацыял-дэмакраты” цягнуўся тры дні. Адразу адзначу, што ўсе довады адказчыка – Міністэрства юстыцыі – выглядалі, мякка кажучы, непераканаўча. Пракурор Арцюшэнка адвёў пераважную бальшыню прэтэнзіяў Мінюсту, але пакінуў закід аб парушэньні моладзевым аб’яднаньнем артыкулаў 1 і 22 Закону аб грамадзкіх аб’яднаньнях. Судзьдзя Сакалоўская поўнасьцю падтрымала пракурора, які ня ўбачыў магчымасьцяў задаволіць скаргу моладзевага аб’яднаньня, і прыняла адпаведнае рашэньне: “Маладым сацыял-дэмакратам” адмоўлена ў задавальненьні скаргі, і цяпер яны ня могуць быць зарэгісраваныя ў законным парадку.
Генадзь Кесьнер (Радыё Рацыя)