Смаргонь: праваабаронца праз зварот у КПЧ ААН дамагаецца адмены Дэкрэта №3
Смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў звярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека з паведамленнем, у якім просіць праверыць адпаведнасць Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» Міжнароднаму Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Падставай для звароту ў міжнародны орган паслужылі дзеянні дзяржаўных структур Рэспублікі Беларусь, якія патрабуюць ад праваабаронцы выплаты збору паводле Дэкрэта Прэзідэнта №3.
Скарга была накіраваная ў ААН 19 кастрычніка, пасля таго, як Алесь Дзергачоў вычарпаў усе даступныя сродкі прававой абароны ў Беларусі.
Так, напачатку, у судзе Смаргонскага раёна былі абскарджаны дзеянні мясцовай падатковай інспекцыі, якая даслала патрабаванне выплаціць збор. Аргументаваў сваю скаргу праваабаронца тым, што патрабаванне выплачваць збор за неўдзел ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў праз падаткі пры адсутнасці месца працы, ды яшчэ пад пагрозай штрафа або арышту, з'яўляецца ні чым іншым, як прымушэннем да працы. А гэта пярэчыць Канстытуцыі і Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Пры разглядзе скаргі прасіў суд кіравацца дадзеным заканадаўствам, а па выніках разгляду, калі будзе бачна, што Дэкрэт пярэчыць Канстытуцыі, то ва ўстаноўленым парадку паставіць пытанне аб неадпаведнасці заканадаўчага акта Канстытуцыі.
Суд Смаргонскага раёна сваім вызначэннем адмовіў ў распачынанні грамадзянскай справы, палічыўшы, што суд агульнай юрысдыкцыі не ўпаўнаважаны разглядаць адпаведнасць Дэкрэта Канстытуцыі і міжнародным прававым актам.
“Мае аргументы, што я аспрэчваў дзеянні падатковай інспекцыі, а не Дэкрэт, пакінуты без належнай ацэнкі як абласным судом, куды накіроўваў касацыйную скаргу, так і пракурорам вобласці, якому дасылаў скаргу ў парадку нагляду”, -- паведамляе Дзергачоў.
У паведамленні, накіраваным у Камітэт ААН па правах чалавека, праваабаронца просіць разгледзець парушэнне Рэспублікай Беларусь ягонага права на доступ да правасуддзя (арт. 2 Пакта), а таксама выкарыстанне краінай прымусовай працы, якая забаронена згодна з арт. 8 Пакта). У скарзе таксама ўтрымліваецца просьба рэкамендаваць Рэспубліцы Беларусь адмяніць Дэкрэт №3.