«Псіхалагічнае катаванне»: Уладзімір Някляеў вызвалены пасля арышту
Палітык і паэт Уладзімір Някляеў 22 верасня выйшаў на волю з ізалятара на Акрэсціна ў Менску. Ён быў асуджаны за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 8 верасня пад лозунгам «За мірную Беларусь» супраць вайсковых вучэнняў «Захад-2017».
Паплечнікі, актывісты, журналісты, якія сабраліся пад турэмнымі мурамі на завулку Акрэсціна, сустрэлі вязня воклічамі «Жыве Беларусь!», паведамляе Радыё Свабода.
Спадар Уладзімер абняў жонку Вольгу і паскардзіўся, што не далі зьявіцца перад ёй прыгожым — забаранілі пагаліцца.
«Не маглі абысціся без падлянкі нават у апошні дзень», — пажартаваў ён.
Сказаў, што з турмы заўсёды радасна выходзіць, але агульны настрой ня вельмі добры. Паводле яго, ад сваіх рэгулярных арыштаў улады чакаюць, што калі-небудзь «выцягнуць паэта наперад у белых тапках». І дадаў: каб у адзін з дзён кроў пайшла не носам, а ў мозг, іх мара, магчыма, і збылася б.
«Зноў пераканаўся, што мы жывём у паліцэйскай краіне, і з гэтым трэба змагацца. Заклікаю ўсіх беларусаў не сядзець па дамах, а быць сапраўднымі грамадзянамі», — сказаў па выхадзе з вязніцы Ўладзімер Някляеў.
Уладзімер Някляеў распавёў журналістам “Радыё Свабода” некаторыя падрабязнасці свайго затрымання. На 9.50 раніцы 15 верасьня ў яго быў талон да лекара. Яго схапілі па дарозе ў клініку, дакладна ведаючы, куды і ў колькі ён будзе накіроўвацца.
Ён паведаміў, што суддзя Савецкага райсуду Фёдарава адмовілася даць яму магчымасць далячыцца, а ўжо потым адбыць арышт.
Спадар Уладзімер кажа, што напярэдадні ўвечары размаўляў з калегам Міколам Статкевічам, пераказаўшы яму свае пляны. З гэтага вынікае, што іх тэлефоны праслухоўваюцца спецслужбамі. Адпаведна, тыя ўмешваюцца не толькі ў палітычнае, але і ў асабістае жыццё.
У зняволенні Някляева найбольш абурала, што яго фактычна абяззброілі, не дазволіўшы карыстацца алоўкам.
«Прасіў да апошняга, але безвынікова. Гэта сапраўднае псіхалагічнае катаванне», — падсумаваў Някляеў.
Таксама палітык сказаў, што яму не далі магчымасці напісаць у пракуратуру скаргу на дрэнныя побытавыя ўмовы ў камэрах ізалятару.
«Нібыта адрамантавалі будынак, а ва ўсіх камерах з кранаў цячэ вада. Прапаноўваў, што сам адрамантую краны, дайце толькі ключ і пакулле, але таксама адмовілі», — расказаў палітык.
Каментуючы беларуска-расейскія манеўры, Уладзімер Някляеў сказаў, што нават простыя вязні з Акрэсціна дзякавалі яму за мітынг пратэсту супраць вучэнняў.
«Казалі, што добра, што знайшліся людзі, якія паказалі, што не патрэбныя нам тыя манеўры», — прыгадаў палітык. Паводле Някляева, «на Беларусь ніхто ў Еўропе нападаць не збіраецца, і гэтае бразганне старым жалезам патрэбна толькі, каб патрафіць Расеі».
Што да меркаванай акцыі, абвешчанай Беларускім нацыянальным кангрэсам на кастрычнік, то, паводле Някляева, усё будзе залежаць ад узроўню «крытычнай масы» ў грамдзтве. Пакуль яе не назіраецца — здаецца, дзяржаве ўдалося «замарозіць» пратэставыя настроі.
Але доўга так працягвацца ня можа, лічыць Уладзімер Някляеў.