viasna on patreon

Святлана Комлік: Чакаю і веру ў мужа

2017 2017-09-19T16:20:00+0300 2017-09-19T17:38:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/komlik-siamja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар і Святлана Комлік. Фота з сямейнага архіву.

Ігар і Святлана Комлік. Фота з сямейнага архіву.

Больш за паўтара месяцы Святлана Васільеўна Комлік штодзень чакае вестак ад мужа, прафсаюзнага актывіста і галоўнага бухгалтара РЭП Ігара Комліка. Яго абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і на час следства пакінулі за кратамі следчага ізалятара №1. Праўда, не пра ўсё можна напісаць на паперы так, каб ліст, з добрай волі цэнзара, пакінуў змрочныя сцены Валадаркі. Ды ўсё адно - кожны ліст з-за кратаў – гэта хваляванне, трывога, надзея. А здараецца, што і радасць. Вось як зусім нядаўна было.

“Падгадаў Ігар з датаю і якраз на мой дзень нараджэння я атрымала віншавальны ліст: з вершам, спецыяльна напісаным, і з кветкамі маляванымі” – падзялілася ўражаннямі Святлана. – Ён нейкім дзіўным чынам заўжды можа падгадаць дзень. Памятаю, яшчэ напачатку нашага знаёмства, – мы яшчэ тады не былі жанатыя – я з’ехала ў пешы турыстычны паход на Каўказ і калі вярталася ў Мінск, нават не чакала, што Ігар мяне будзе сустракаць, ды ён і не ведаў дакладна, каля я вярнуся, я нават і ня ведаю, як ён угадаў дзень. Нават мае бацькі не ведалі, калі я дакладна вяртаюся. Ды і я толкам ня ведала, як мы будзем вяртацца назад. Мяне гэта вельмі ўразіла. Ён жа мяне выпраўляў у дарогу, ён жа мяне і сустрэў”.

 Віншавальны ліст Ігара Комліка да жонкі.

 Віншавальны ліст Ігара Комліка да жонкі.

Зараз Святлана Комлік на пенсіі і шмат часу праводзіць на сямейным лецішчы каля Радашковіч. Вядома, цяжкавата спраўляцца з участкам без мужа, але яшчэ цяжэй успрымаць зняволенне блізкага чалавека, з якім плячо да пляча ідуць па жыцці 33 гады. Але Святлана Васільеўна верыць у лепшае і гэта дае ёй моцы чакаць.

Запытваюся пры сустрэчы ў гэтай прыязнай і, відаць, раней вясёлай жанчыны: як яны сустрэліся з Ігарам Комлікам, як пачалося іх сумеснае жыццё?

– Як ён да мяне сватаўся? Ды гэта ж цэлая гісторыя.  За мяне тады перажывала ўсё канструктарскае бюро у вытворчым аб’яднанні «Планар», дзе я на той час працавала, а за Ігара перажываў увесь ягоны аддзел, а ўсё з-за таго, што ў мяне былі іншыя кавалеры, толькі Ігар вельмі хацеў стаць менавіта маім, адзіным. І ён усяляк дамагаўся гэтага, і калі прыходзіў да мяне – дык то кветкі дарыў, то першыя суніцы, то шакаладку, карацей, заўсёды мяне сустракаў нейкім сюрпрызам.

Адзін час мы разам былі ў камітэце камсамола: ён ад завода, я ад канструктарскага бюро, гэта дазваляла нам знаёміцца бліжэй, падтрымліваць сяброўскія, напачатку, стасункі. Памятаю, неяк разам з ім мы рыхтавалі першакрасавіцкую гумарыстычную вечарыну, я тады адказвала за культуру, падрыхтоўку розных вечароў. Гэта нас збліжала. А потым…

У маладосці я любіла хадзіць ў паходы, трэба было трэніравацца, а Ігар  мне дапамагаў, прыбягаў раніцай перад працай, забіраў мяне і мы разам рабілі прабежкі, потым разыходзіліся па дамах і ехалі на працу. І вось так пакрыху і дабегаліся”, – усміхаецца Святлана.

– Так прайшоў год. Калі мне споўнілася 25 год, Ігар прынёс 25 гваздзікоў і падараваў мне разам з кветкамі гадзіннік.  Я падумала тады, што такія падарункі альбо прымаць, альбо не прымаць. Калі прымаць, то гэта да чагосці абавязвае.  Падумала-падумала і вырашыла: Так, гэта, відаць, сур’ёзна, ды і хлопец харошы. Калі прапанаваў выйсці замуж – я пагадзілася не задумваючыся, бо да гэтага ўжо шмат падумала.

Святлана Комлік і Андрэй Комлік-Ямацін. Фота: ПЦ "Вясна"
Святлана Комлік і Андрэй Комлік-Ямацін. Фота: ПЦ "Вясна".

Які ён дома? Святлана Васільеўна нават і не задумваецца:

– Ігар заўсёды ўважлівы і да мяне, і да сына Андрэя, і да ўнукаў… У нас іх двое, і малыя вельмі любяць дзядулю, чакаюць яго.

Святлана Комлік распавядае, што муж у сям’і не вельмі патрабавальны: што дома нагатавана, тое і добра. Але калі надараецца вольны час - любіць і сам кулінарыць, ды не абы як, а абавязкова з душою. Мае свае ўлюбёныя рэцэпты, і торцікі выпякае, і пірожныя, усё робіць з любоўю.

15 верасня суд Партызанскага раёна разгледзеў скаргу Ігара Комліка на меру стрымання - утрыманне пад вартай. У скарзе ён прасіў змяніць меру стрымання, бо лічыць што яна ўжыта да яго безпадстаўна і ва ўтрыманні яго пад вартай падчас следства няма неабходнасці. Аднак суддзя вырашыла, што мера стрымання выбрана законна і абгрунтава, бо Ігар Комлік абвінавачваецца ў цяжкім злачынстве. Яна пакінула рашэнне намесніка генеральнага пракурора без зменаў, а скаргу без задавальнення.

Святлане Васільеўне застаецца толькі чакаць. Чакаць і верыць, што пераможа здаровы сэнс і справа гэтае расыплецца, як восеньская пацяруха.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства