Што ж робіць нас людзьмі? У Гомелі пачаліся паказы дакументальнага фільма "Чалавек"
30 жніўня ў Гомелі па ініцыятыве Валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтру "Вясна" адбыўся паказ першай часткі дакументальнага фільма «Чалавек». Пасля яе прагляду валанцёры і гледачы прынялі ўдзел у дыскусіі на тэму таго, што ж робіць нас людзьмі.
Валанцёрка ПЦ "Вясна" Марыя падзялілася, што нягледзячы на цяжар фільма, мерапрыемства прайшло ў вельмі цёплай атмасферы:
«Пасля прагляду адбылася дыскусія, дзе гледачы, якія прыйшлі на кінапаказ, казалі пра каханне, дыскрымінацыю, беднасцю, актуальнасці і падабенстве праблем у Беларусі і, самае галоўнае, пра шчасце. Хтосьці нават дзяліўся сваім асабістым досведам, што, безумоўна, вельмі важна».
У фільме «Чалавек» паказаны цёмны бок чалавецтва, а таксама праліваецца святло на лепшае ў людзях, таму што ўнутры кожнага ёсць імкненне жыць разам. Толькі аб'яднаўшыся, мы зможам справіцца з праблемамі сённяшняга і заўтрашняга дня, лічыць рэжысёр фільма Ян Артюс-Бертран.
Ён правёў тры гады, збіраючы рэальныя гісторыі 2000 жанчын і мужчын з 60 краін свету. Пры гэтым у фільме не паведамляюцца асабістыя дадзеныя герояў. Гэта зроблена знарок, каб падкрэсліць падабенства сямі мільярдаў людзей, якія жывуць сёння на нашай планеце. Падчас стварэння фільма рэжысёр працаваў з камандай прафесійных перакладчыкаў, журналістаў і тэлеаператараў, каб сабраць глыбока асабістыя і эмацыйныя апавяданні на тэмы, якія аб'ядноўваюць усіх нас: барацьба з беднасцю, войны, гамафобія, будучыня нашай планеты, каханне і шчасце.
"Чалавек" - першы фільм, прэм'ера якога адбылася на Генеральнай асамблеі ААН.
Наперадзе гамельчукоў чакаюць яшчэ дзве часткі фільма і дзве важныя тэматычныя дыскусіі.
Варта адзначыць, што ў ліпені гэтага года такія кінапрагляды прайшлі ў Магілёве, а ў кастрычніку «Чалавек» можна будзе ўбачыць у Баранавічах. Да таго ж Валанцёрская служба "Вясны" плануе рэгулярна да канца года праводзіць паказы розных фільмаў, аб'яднаных тэмай правоў чалавека, у розных гарадах Беларусі.