Суд: Спагнаць з МУС кампенсацыю на карысць Пцічкіных за кошт дзяржказны Аўдыё
Літаральна ўчора праваабаронцы паведамілі аб тым, што Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі звярнулася за тлумачэннямі ў суд Заводскага раёна Мінска наконт выканання судовага рашэння па пытанні аб кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды ў справе сям’і Ігара Пцічкіна, які загінуў у СІЗА № 1. Прычынай для звароту паслужыла тая акалічнасць, што міністэрства не атрымлівае адпаведнага бюджэтнага фінансавання. А сума - немалая.
Нагадаем, суд Заводскага раёна 23 сакавіка пастанавіў спагнаць з Міністэрства ўнутраных спраў 30 тысяч рублёў маральнай і яшчэ 6 тысяч рублёў матэрыяльнай кампенсацыі на карысць маці і сястры загінулага ў СІЗА Ігара Пцічкіна.
Суд Заводскага раёна 22 жніўня паспрабаваў яшчэ раз разабрацца: хто і якім чынам павінен выплаціць кампенсацыю маці і сястры Ігара Пцічкіна.
Прадстаўнік МУС Кірыл Міліцын на судзе падтрымаў пазіцыю міністэрства, спасылаючыся на тэхнічныя складанасці, якія ўзнікаюць пры выкананні рашэння суда. Паводле Tut.by, прадстаўнік МУС патлумачыў, што ведамства ні ў якім разе не ўхіляецца ад выплат. Проста гэтае пытанне «завісла» ў Міністэрстве фінансаў, якое распараджаецца казной. Менавіта там павінны ўдакладніць: крыніца фінансавання - "казна Рэспублікі Беларусь".
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка, які прысутнічаў на судовым паседжанні мяркуе, што пры вынясенні судом ранейшага рашэння аб прызначэнні кампенсацыі, была выкарыстаная не зусім дакладная норма закона:
“На той час, калі Жана Пцічкіна звярталася ў суд з пазовам, то падставаю для спагнання кампенсацыі быў указаны артыкул 938 Грамадзянскага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за шкоду, прычыненую супрацоўнікамі дзяржаўных органаў. Суд жа вынес рашэнне на падставе другой нормы закона, якая прадугледжвае адказнасць наймальніка за дзеянні свайго работніка.
Мне падаецца, што вось у гэтым і ёсць корань праблемы з выкананнем судовага рашэння, паколькі пры такім парадку тэарэтычна Міністэрства фінансаў не павінна фінансаваць выкананне падобнага рашэння. Але, спадзяюся, што суд неяк выправіць становішча і Жанна Пцічкіна нарэшце атрымае сваю кампенсацыю, якога яна чакае ўжо пяць месяцаў".
Пасля перапынку суд пастанавіў, што трэба пазначыць у дакументах больш дакладную фармулёўку аб выплаце кампенсацыі. А менавіта: “спагнаць з МУС на карысць Пцічкіных за кошт казны РБ”, удакладняе Tut.by.
Нагадаем, жыхар Мінска Ігар Пцічкін памёр 4 жніўня 2013 года праз некалькі дзён адсідкі на «Валадарцы», дзе адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, не маючы правоў. У медчастцы ўстановы да яго былі ўжытыя «меры фізічнага стрымлівання ў выглядзе фіксацыі рамянямі». У такім стане Пцічкін знаходзіўся больш за 20 гадзін да моманту смерці. Адміністрацыя ізалятара заявіла, што малады чалавек памёр ад сардэчнай хваробы, але сваякі выявілі на целе сінякі і сляды пашкоджанняў.