viasna on patreon

Старшыня Віцебскага абласнога суду – праваабаронцу: Вас пакаралі справядліва!

2017 2017-08-16T12:40:00+0300 2017-08-16T13:09:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/svecik-sud-2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Свецік у судзе 27 сакавіка.

Леанід Свецік у судзе 27 сакавіка.

 «Дзеяньні вашы слушна кваліфікаваныя паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП... Падставаў да адмены, зьмены пастановаў ня маецца», – такую выснову зрабіў старшыня абласнога суду Мікалай Хамічонак, разгледзеўшы наглядную скаргу праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, пакаранага 15-цю суткамі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мерапрыемствах, што прайшлі ў Віцебску 25 і 26 сакавіка.

«Віцебская Вясна»  паведамляе, што абскарджаньне ў парадку нагляду пастановы судзьдзі Кастрычніцкага райсуду Віцебску Тацяны Жураўковай стала другой спробай праваабаронцы дамагчыся адмены прынятага ў дачыненьні да яго рашэньня. Раней, яшчэ адбываючы адміністрацыйны арышт у ізалятары часовага ўтрыманьня, ён здолеў праз адваката накіраваць скаргу ў абласны суд, але судзьдзя аблсуду Ірына Смалякова таксама не знайшла падставаў для зьмены згаданай пастановы.

У сваёй нагляднай скарзе Леанід Сьвецік выказаў нязгоду з вынесенымі наконт ягонай справы рашэньнямі, бо, на яго думку, у ягоных дзеяньнях адсутнічаў склад правапарушэньня, прадугледжанага артыкулам 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Ён адзначыў, што сапраўды знаходзіўся на плошчы падчас правядзеньня там акцыяў 25 і 26 сакавіка, але ніякім чынам не выказваў сваіх «грамадзка-палітычных інтарэсаў», а прысутнічаў там дзеля выкананьня сваіх грамадзкіх абавязкаў праваабаронцы, назіраючы за дзеяньнямі мітынгоўцаў і прадстаўнікоў улады, то бок ажыцьцяўляў законную дзейнасьць, накіраваную на дасягненьне статутных мэтаў Рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб'яднаньня «Беларускі Хэльсынскі Камітэт», сябрам якога ён зьяўляецца.

Гэты аргумэнт праваабаронцы падаўся старшыню аблсуду Хамічонку непераканаўчым. «Мэтай правядзеньня згаданых мерапрыемстваў было ваша публічнае выказваньне грамадзка-палітычнай пазыцыі, – напісаў ён у адказ на скаргу Леаніду Сьвеціку, не патлумачыўшы, на чым грунтуецца такая выснова. – Знаходзячыся ў месцы правядзеньня масавага мерапрыемства і дзейнічаючы ўзгоднена зь іншымі грамадзянамі, вы выказвалі свае грамадзка-палітычныя інтарэсы».

Астатнія аргумэнты праваабаронцы засталіся наогул па-за ўвагай спадара Хамічонка. Так, ён ня даў ніякай ацэнкі таму факту, што ў судзе не былі дапытаныя асноўныя і важныя сьведкі Дудкін і Сінкевіч – работнікі міліцыі, якія склалі ў дачыненьні да Леаніда Сьвеціка рапарты.

Цалкам праігнараваў старшыня Віцебскага абласнога суду і абвінавачаньне ў хлусьні на адрас судзьдзі Жураўковай, якая запісала ў інфармацыйнай частцы пастановы, нібыта Сьвецік мае на ўтрыманьні двух непаўнагадовых дзяцей, што не адпавядае рэчаіснасьці, бо ў яго адно непаўналетняе дзіця (17 гадоў) і адно (9 гадоў) – малалетняе, што зьяўляецца іншым прававым статусам у адміністрацыйным працэсе.

«Заканадаўца прадугледзеў, што наяўнасьць на ўтрыманьні малалетняга дзіцяці зьяўляецца акалічнасьцю, якая зьмякчае адказнасьць пры накладаньні адміністрацыйных спагнаньняў... Аднак зыходзячы з фальшывай падставы, што ў мяне на ўтрыманьні толькі двое непаўналетніх дзяцей, судзьдзя Жураўкова выносіць максымальнае пакараньне, не знаходзячы акалічнасьцяў, якія зьмякчаюць адказнасьць. Больш таго, лічу, што сваім рашэньнем судзьдзя Жураўкова грубейшым чынам парушыла правы майго малалетняга дзіцяці – Сьвеціка Арсенія, пазбавіўшы яго на 15 сутак бацькоўскай апекі, тым самым паставіўшы існаваньне дзіцяці ў патэнцыйна небясьпечнае становішча», – гэтай часткі скаргі  праваабаронцы спадар Хамічонак вырашыў «не заўважыць».

Абгрунтоўваючы справядлівасьць пакараньня Леаніда Сьвеціка, старшыня Віцебскага абласнога суду спаслаўся на Закон аб масавых мерапрыемствах, згодна зь якім вулічныя акцыі праводзяцца з дазволу мясцовага выканаўчага і распарадчага органа. «У сувязі з заканадаўчым замацаваньнем парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў наяўнасьць дазволу абавязковая, што пацьвярджае неадпаведнасьць вашых дзеяньняў як заканадаўству Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднаму», – паведаміў галоўны судзьдзя вобласьці віцебскаму праваабаронцу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства