viasna on patreon

Мін’юст другі раз адмовіў у рэгістрацыі Сацыяльна-хрысьціянскага руху

2017 2017-08-13T09:19:00+0300 2017-08-15T09:32:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sacyjalny-ruh-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пад час сходу Сацыяльна-хрысьціянскага руху

Пад час сходу Сацыяльна-хрысьціянскага руху

Рух мае намер зьвярнуцца ў Вярхоўны суд саскаргай на Міністэрства юстыцыі Беларусі нанерэгістрацыю іх арганізацыі як дабрачыннага асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня.

Кіраўніца Сацыяльна-хрысьціянскага руху Вольга Кавалькова паведаміла, што Мін’юст знайшоў ва ўстаноўчых дакумэнтах два парушэньні. Першае — што было няправільна названае імя па бацьку адной з удзельніц устаноўчага сходу Ірыны Ермаковай. Другая падстава для нерэгістрацыі — тое, што ў сьпісе кіраўніцтва грамадзкага аб’яднаньня 7 кіраўнікоў пазначаныя як сябры рады. Мін’юст лічыць, што Вольга Кавалькова павінна была быць пазначаная не як сябра рады, а як кіраўнік. Аднак Кавалькова кажа, што ўсе 7 чалавек рады маюць аднолькавыя правы, і яна старшыня аб’яднаньня, але не ягонай рады.

Як лічаць Вольга Кавалькова і яе намесьнік Максім Гацак, Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі бяз дай прычыны, і яны будуць аспрэчваць рашэньне Мін’юсту ў Вярхоўным Судзе.

Дарэчы, гэта ўжо другая спроба зарэгістравацца — як і першая, яна скончылася няўдала.

«Аднак гэта нас ня спыніць у нашай дзейнасьці», — сказаў Максім Гацак.

Ён дадаў, што актывісты сацыяльна-хрысьціянскага руху паведамяць пра гэты выпадак замежным партнэрам, каб ведалі, што так званая «лібэралізацыя ў Беларусі» насамрэч не праводзіцца.

Вольга Кавалькова лічыць непатрэбным рэгістравацца за мяжой:

«Ёсьць дзьве прычыны, чаму мы гэтага ня робім. Першая — рэгістрацыя за мяжой не дае магчымасьці выконваць такі аб’ём працы і не дае такіх магчымасьцяў, як рэгістрацыя ў Беларусі. Па-другое, мне як юрысту хочацца ўсё ж даказаць, што мы не парушалі ніякіх законаў, правілаў і маем законнае права на рэгістрацыю ўнутры Беларусі».

Вольга Кавалькова і Максім Гацак заявілі, што, нягледзячы на адмову ў рэгістрацыі, беларускі сацыяльна-хрысьціянскі рух працягвае дзейнасьць прынамсі ў трох кірунках: агітацыя за беларускамоўнае навучаньне дзетак у дзіцячых садках, паляпшэньне ўмоваў утрыманьня ў турмах і ізалятарах, дыскусія вакол пэнсійнай рэформы.

Актывісты сацыяльна-хрысьціянскага руху зьбіраюць подпісы грамадзян Беларусі, сустракаюцца з дэпутатамі і праводзяць агітацыйныя кампаніі.

Радыё Свабода

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства