viasna on patreon

Гары Паганяйла: Не выключана, што палітвязні выйдуць на волю раней часу…

2017 2017-08-02T13:05:47+0300 2017-08-02T13:16:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dsc00535-737x415.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Гары Паганяйла. Фота: irp-blr.org

Праваабаронца Гары Паганяйла. Фота: irp-blr.org

Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла распавёў сайту palitviazni.info пра рэпрэсіўныя хвалі ў Беларусі, справу “Белага Легіёна” і беларускіх палітвязняў.

“Улады ціснулі і працягнуць ціснуць на тых, хто спрабуе крытыкаваць урад не толькі словам, але і канкрэтнымі дзеяннямі – выхадамі на вуліцу на акцыі пратэсту”, – лічыць суразмоўца.

– Пасля вясновых масавых рэпрэсій зараз у Беларусі назіраецца адноснае зацішша, хаця актывістаў па-ранейшаму працягваюць судзіць за ранейшыя акцыі пратэсту. Як можаце ахарактарызваць сёняшнюю сітуацыю?

– Зараз улады адназначна зацікаўлены ў дыялогу з Захадам, і масавыя рэпрэсіі спыніліся зусім не таму, што афіцыйны Мінск раптам задумаўся пра правы чалавека ў краіне. Яны зыходзяць са сваіх меркантыльных інтарэсаў у надзеі на заходнюю дапамогу крэдытамі, на забеспячэнне пэўных інвестыйных праектаў. Але ніякіх сістэмных зменаў у галіне ўдасканалення заканадаўства, у плане барацьбы з іншадумствам у адносінах да тых, хто выказвае нязгоду з палітыкай уладай праз вулічныя пратэсты, не адбываецца. Таму ўлады ціснулі і працягнуць ціснуць на тых, хто спрабуе крытыкаваць урад не толькі словам, але і канкрэтнымі дзеяннямі – выхадамі на вуліцу на несанкцыянаваныя і нават на дазволеныя акцыі.

І тут трэба зазначыць, што гэтыя акцыі носяць выключна мірны характар. Натуральна, у нармальнай прававой дзяржаве такога кшталту рэпрэсіі наогул не павінны быць ў дачыненні да пратэстуючых. А ў нас усё перавярнулі з ног на галаву. Улады спасылаюцца на сваё паняцце дэмакратыі, ківаюць на тое, што такім чынам яны забяспечваюць у краіне стабільнасць і парадак, а праз гэта апраўдваюць любыя рэпрэсіі і незаконныя рашэнні міліцыі і судоў. Пры гэтым у іх добры аргумент і для Захаду – быццам бы такім чынам яны не даюць успыхнуць канфлікту ў Беларусі, а значыцца і ў еўрапейскім рэгіёне.

Таму, пакуль гэты рэжым існуе, рэпрэсіі працягнуцца. І спадзявацца на змены палітыкі проста не даводзіцца.

– Працяглы перыяд у краіне не было ніякіх палітычных крымінальных спраў, актывістаў нават не адпраўлялі на “суткі”, а абмяжоўваліся толькі штрафамі. Затым сітуацыя рэзка змянілася…

– Натуральна, што ўлады рыхтаваліся да дыялога з Захадам, да Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Трэба было паказаць гасцям, што ў Беларусі сітуацыя па меншай меры не горшая, чым у тых жа усходнееўрапейскіх краінах, якія таксама перажылі эпоху сацыялізма. Але нам на самай справе да еўрапейскіх стандартаў яшчэ вельмі далёка.

У той жа час рэжым працягваў выкарыстоўваць інструменты падаўлення любога іншадумства на мірных акцыях. Захаваліся арышты, штрафы, прыцягненне вялікай колькасці людзей да адміністратыўнай адказнасці, а часам і да крымінальнай. Усё гэта закладзена ў самой прыродзе беларускай улады. Яна абсалютна не змянілася па сутнасці, а проста прыстасоўваецца да пэўных абставін, якія складваюцца ў той ці іншы момант. На нейкіх перыфірыйных участках, магчыма, і ёсць пэўная лібералізацыя, але гэтыя ўчасткі не закранаюць дэспатычную сутнасць улады. У гэтым накірунку, безумоўна, можна манеўраваць, хаця ўсе гэта лёгка чытаецца, калі ў адным выпадку могуць “закруціць гайкі”, а ў другім – паслабіць.

– Але, відаць, еўрапейскіх палітыкай задавальняе такая сітуацыя…

– Еўропа сёння змяніла сваё стаўленне ў дачыненні да Беларусі толькі таму, што ў саміх еўрапейцаў хапае ўнутраных праблем. Таму пазіцыя ў іх такая: а чым Беларусь горшая за Азербайджан, дзе сітуацыя з правамі чалавека не лепшая, але з Еўропай гэтая краіна падтрымлівае нармальныя стасункі? Адкаты нават ёсць і ў самой Еўропе – у той жа Польшчы, Венгрыі, Славакіі… Іх крытыкуюць, пагражаюць пэўнымі санкцыямі, таму на фоне такіх праблем пра “беларускае пытанне” не тое, што забыліся, а спрабуюць падтрымліваць дыялог з урадам Беларусі і праз гэты дыялог пэўным чынам уздзейнічаць на рэжым. У гэты ж час захоўваюцца сувязі і з дэмакратычнай грамадскасцю. Так што Захад змяніў тактыку паводзін – гэта відавочна.

– А ці сочаць на Захадзе, якім чынам будзе далей развівацца “справа патрыётаў”?

– Безумоўна, сочаць, але зараз інтарэс да гэтай справы зменшыўся, таму што ўсе яе фігуранты (а гэта больш за 30 чалавек) ужо выйшлі на волю. Так, сама крымінальная справа не спынена, але, на мой погляд, да суда яна не дойдзе. Таму сёння нейкай абвостранай увагі да яе няма. Нават беларускія праваабаронцы з палёгкай уздыхнулі, калі мясяц таму быў вызвалены са следчага ізалятара апошні фігурант справы.

– Калі б улады наогул спынілі крымінальную справу, то гэта быў бы яшчэ адзін прыгожы жэст у бок Еўропы…

– Улады на роўным месцы і па сутнасці незаконна распачалі “справу патрыётаў”, спрабавалі яе “раскруціць”, затрымалі некалькі дзесяткаў людзей, а сёння робяць добрую міну пры дрэннай гульні. Вось вам, маўляў, падарунак – мы іх вызвалілі. Вызвалілі тых, хто і не павінен быў знаходзіцца за кратамі.

Таму сітуацыю спрабуюць залагодзіць, але, калі дэталёва разбірацца, то вінавата сама ўлада, якая распачала гучную справу. Яна была больш патрэбна, каб збіць пратэстную хвалю, бо мы памятаем, калі справа распачалася – напярэдадні масавых акцый, якія закранулі не толькі сталіцу, але і маленькія гарады. Геаграфія напалохала ўлады, і, як рэфлекс, з’явілася адваротная рэпрэсіўная рэакцыя – крымінальная справа, істэрыя праз тэлебачанне, прэвентыўныя арышты… Затым хваля сыйшла, і тых, каго арыштавалі, выпусцілі. Але справа зроблена. Грамадства запалохалі. Вось і ўся палітыка, уся сутнасць “справы патрыётаў”. Таму, паўтаруся, не думаю, што яна дойдзе да суда.

— На сёння праваабаронцы заяўляюць, што ў няволі знаходзяцца два палітвязні – Зміцер Паліенка і Міхаіл Жамчужны. Ці можа міжнародная грамадскасць паўплываць на тое, каб гэтыя людзі хутчэй апынуліся на волі?

– Мы не раз бачылі сітуацыю, калі “палітычныя” як правіла да канца не даседжваюць свае тэрміны зняволення. Іх вызвалялі раней часу па розных нагодах. Мяркую, так можа здарыцца з Жамчужным і Паліенкам…

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства