viasna on patreon

Следчы камітэт адмовіўся заводзіць крымінальную справу па факце затрымання журналіста

2017 2017-07-20T09:16:38+0300 2017-07-20T13:26:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sanacenka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Анатоль Санаценка.

Анатоль Санаценка.

Следчы камітэт адмовіўся заводзіць крымінальную справу супраць аднаго з кіраўнікоў бабруйскага УУС Андрэя Малахава, які 26-га сакавіка 2017 г.  асабіста, затрымаў галоўнага рэдактара «Бобруйского курьера» Анатоля Санаценку, калі той працаваў падчас масавага мерапрыемства — асвятляў падзею.

Як паведамляе прэс-служба БАЖ, кіраўнік «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка атрымаў адказ на сваю заяву ў Бабруйскі міжраённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

У ім прызнаецца факт яго затрымання 26-га сакавіка 2017 г. на плошчы Перамогі ў горадзе Бабруйску. Але гэты факт тлумачыцца так: міліцыя дзейнічалі па складзеным плане, і кіраўнік «Бобруйского курьера» на самай справе не затрымліваўся, а быў дастаўлены ў мясцовае УУС для разбіральніцтва.

І, правёўшы праверку, Бабруйскі аддзел Следчага камітэта не ўстанавіў фактаў супрацьпраўных дзеянняў з боку супрацоўнікаў мясцовага УУС, у тым ліку А. Малахава.

«Малахаў А.М. і супрацоўнікі органаў унутраных спраў дзейнічалі ў рамках прадастаўленых iм паўнамоцтваў і ў іх дзеяннях адсутнічае склад крымінальна-караемай дзеі...»  — гаворыцца ў Пастанове.

На гэтай падставе СК і адмовіўся заводзіць крымінальную справу.

Між тым у сваёй заяве ў СК Анатоль Санаценка ўказваў на грубае парушэнне ў дачыненні да яго закона «Аб СМІ», а таксама арт. 198 «Перашкаджэнне законнай прафесійнай дзейнасці журналіста» і арт. 426 «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў» Крымінальнага кодэкса РБ.

Нагадаем, 26-га сакавіка 2017 г. г. Анатоль Санаценка і яшчэ тры журналісты «Бобруйского курьера» прыйшлі на мясцовую плошчу Перамогі, каб асвятліць масавае мерапрыемства — чарговы «марш нетунеядцаў» — і падрыхтаваць мультымедыйны матэрыял (тэкст, фота, відэа) пра гэтую  падзею.

У выніку трое з іх былі затрыманыя міліцыяй і змешчаныя ў аўтазак. Прычым, галоўнага рэдактара ​​«БК» затрымліваў менавіта намеснік начальніка Бабруйскай УУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Андрэй Малахаў. Потым усіх журналістаў даставілі ў УУС, апыталі (пад пратакол) і праз некалькі гадзін адпусцілі.

Як мы ўжо пісалі, калі кіраўнік «Бабруйского курьера» 9 чэрвеня гэтага года падаваў сваю заяву ў мясцовы аддзел Следчага камітэта, следчы Наталля Давыдава спрабавала давесці, што галоўны рэдактар ​​СМІ — не журналіст.

Між тым у канчатковым адказе (падрыхтаваным ўжо іншым следчым СК) гэтай «заканадаўчай навацыі» няма.

«З гэтага адказу ствараецца ўражанне, што міліцыя надзелена правам перашкаджаць працы журналістаў, парушаць, як ім захочацца, і закон «Аб СМІ», і закон «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь», і крымінальны кодэкс... Але гэта — не так. Таму я буду праводзіць кансультацыі з юрыстамі з БАЖ і планаваць далейшыя свае крокі», — каментуе Анатоль Санаценка. 

У чэрвені гэтага года падобны адказ прыйшоў іншаму супрацоўніку «Бобруйского курьера» — журналісту выдання Віктару Качану.

Журналіст «БК» скардзіўся на незаконныя дзеянні падпалкоўніка УУС Бабруйскага гарвыканкама Сяргея Рудзько. 23-га сакавіка 2017 г. Рудзько затрымаў Віктара Качана каля будынку бабруйскага суда, чым перашкодзіў ягонай журналісцкай працы.

У выніку Качану адказалі, што — так, міліцыя дастаўляла вас ў пракуратуру для прафілактычных мерапрыемстваў, але вашай прафесійнай дзейнасці не перашкаджала.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства