У Бахрэйне праваабаронца Набіл Раджаб прысуджаны да двух гадоў зняволення
Вядомы бахрэйнскі праваабаронца Набіл Раджаб 10 лiпеня 2017 года прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі, паведамляе Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT).
Сузаснавальнік і прэзідэнт Бахрэйнскага цэнтра па правах чалавека (BCHR), заснавальнік і дырэктар Цэнтра па правах чалавека ў Заліве (GCHR), намеснік Генеральнага сакратара FIDH і сябра Кансультатыўнага камітэта па Блізкім Усходзе Human Rights Watch, Набіл Раджаб з’яўляецца адным з самых заўзятых абаронцаў правоў чалавека ў краіне. Ён выступаў з крытыкай парушэнняў правоў чалавека ў турме Джаў і асудзіў удзел Бахрэйна ў бамбардзіроўках ў Емене.
Прысуд быў вынесены завочна Ніжнім крымінальным судом сталіцы Бахрэйна Манамы. Сам Раджаб знаходзіцца ў шпіталі з 8 красавіка гэтага года.
Праваабаронцу абвінавацілі ў “наўмысным распаўсюдзе ілжывай інфармацыі і шкоднасных чутак з мэтай дыскрэдытацыі дзяржавы” (артыкул 134 Крымінальнага кодэкса), за што яму пагражала да трох гадоў пазбаўлення волі. Абвінавачанне звязане з трыма тэлеінтэрв'ю, якія Раджаб даў цягам 2015 і 2016 гадоў. У гэтых інтэрв’ю актывіст распавядаў пра кепскае становішча з правамі чалавека ў Бахрэйне.
Акрамя таго, Набіл Раджаб абвінавачваецца ў “абразе дзяржаўнага органа” (артыкул 216 Крымінальнага кодэкса), “распаўсюдзе ілжывых чутак у час вайны” (артыкул 133) і “абразе замежнай краіны [Саудаўскай Аравіі]” (артыкул 215), за што ён можа атрымаць да 15 гадоў пазбаўлення волі. Абвінавачванні звязаныя з шэрагам твітаў, у якіх праваабаронца асудзіў катаванні зняволеных у турме Джаў, а таксама парушэнні правоў чалавека, учыненыя ў выніку авіяўдараў кааліцыі арабскіх краінаў у Емене. Наступнае слуханне па гэтай справе прызначана на 7 жніўня.
Выбітны бахрэйнскі праваабаронца быў арыштаваны 13 чэрвеня 2016 года. Раджаб правёў дзевяць з паловай з апошніх дванаццаці месяцаў у адзіночнай камеры, нягледзячы на пагаршэнне стану яго здароўя.
“Абсерваторыя абураная прысудам Набілу Раджабу, які быў вынесены ў выніку судовага працэса, азмрочанага парушэннямі яго права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Мэтай пераследу з’яўляецца спыненне яго мірнай і законнай дзейнасці ў галіне правоў чалавека.
Абсерваторыя заклікае бахрэйнскія улады неадкладна і безумоўна вызваліць Набіла Раджаба, пакласці канец усім формам пераследу супраць яго, перагледзець вынесены яму прысуд у адпаведнасці з міжнародна прызнанымі правамі на належную прававую працэдуру, справядлівае судовае разбіральніцтва і прэзумпцыю невінаватасці”, — гаворыцца ў тэрміновым звароце Абсерваторыі.
7 ліпеня шэраг вядучых праваабарончых арганізацый свету звярнуліся да амбасадараў, якія працуюць у Бахрэйне, з адкрытым лістом, заклікаючы іх наведаць слуханне 10 ліпеня дзеля “забеспячэння належнай абароны гарантаваных на міжнародным узроўні правоў сп. Раджаба, у тым ліку правоў, якія абараняюцца Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (Бахрэйн далучыўся да Пакта ў 2006 годзе) і Дэкларацыяй ААН аб праваабаронцах”.
“Мы падтрымліваем ваш дыялог з Бахрэйнам; аднак мы таксама перакананыя ў тым, што такія стасункі з'яўляюцца ўстойлівымі, толькі калі грунтуюцца на ўзаемнай павазе да дэмакратычных правоў і свабодаў. Менавіта за абарону гэтых ідэалаў і караюць сп. Раджаба. Мы заклікаем вас падтрымаць яго зараз і заклікаць урад Бахрэйна неадкладна вызваліць яго па гуманітарных меркаваннях у сувязі з крытычным станам яго псіхічнага і фізічнага здароўя, а таксама неадкладна зняць з яго ўсе абвінавачванні, звязаныя з выказваннем меркавання”, — падкрэсліваюць аўтары ліста.