Справаздача па назіранні за масавым мерапрыемствам «За мірную Беларусь» 3 ліпеня 2017 года
3 ліпеня 2017 года на Кастрычніцкай плошчы, а потым на праспекце Незалежнасці да Касцёла святых Сымона і Алены ў Менску праходзіла акцыя «За мірную Беларусь».
Высновы:
Масавае мерапрыемства насіла выключна мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар"). Удзельнікамі не выкарыстоўваліся заклікі да гвалтоўных дзеянняў;
У ходзе масавага мерапрыемства адсутнічала магчымасць ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку, паколькі большасць з іх была ў цывільным адзенні;
Супрацоўнікі праваахоўных органаў не перашкаджалі ажыццяўленню назірання і працы СМІ;
Затрыманняў удзельнікаў сходу не зафіксавана;
Супрацоўнікі ДАІ на працягу руху ўсёй дэманстрацыі сачылі за тым, каб ейныя ўдзельнікі не выходзілі на праезджую частку дарогі.
Метадалогія маніторынгу
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Рэспубліцы Беларусь на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі і журналістамі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку, а таксама наяўнасць на масавым мерапрыемстве хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правіл і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны).
Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца асобна ад удзельнікаў. Яны пазначаныя бэйджамі назіральніка і сінімі камізэлькамі з надпісам "#controlBY".
Папярэдняя інфармацыя
13 траўня 2017 года ў сродках масавай інфармацыі Беларускім нацыянальным кангрэсам было анансавана правядзенне 3 ліпеня ў Менску акцыі «За мірную Беларусь».
Для назірання за дадзеным масавым мерапрыемствам былі накіраваныя десяць назіральні(каў/-ц), якія ажыццяўлялі бесперапынны і вочны маніторынг, прайшлі адпаведнае навучанне і былі пазначаныя належным чынам.
Ход масавага мерапрыемства
Падчас масавага мерапрыемства былі адзначаны наступныя факты:
Масавае мерапрыемства праходзіла 3 ліпеня 2017 года з 13:30 да 15:00. А 13:30 на Кастрычніцкай плошчы з’явіўся М.Статкевіч ў прысутнасці журналістаў з гукаўзмацняльнай тэхнікай. Былі ўключаныя і гралі песні гурта Ляпіс Трубяцкі, Лявона Вольскага, гурта Океан Эльзи. А 13:40 колькасць удзельнікаў складала 30 чалавек. Таксама на плошчы прысутнічалі каля 45 супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цывільнай форме вопраткі;
А 13.40 некалькі ўдзельнікаў акцыі ўсталі ў адзін шэраг і разгарнулі расцяжку «БАСТА!»;
А 14.00 выступіў арганізатар акцыі Мікола Статкевіч;
Перад пачаткам акцыі каля Палаца рэспублікі былі заўважаныя некалькі аўтазакаў;
Затым актывісты павярнуліся з расцяжкай да праезджай часткі і пачалі скандаваць патрабаванне «Власть народу!»;
Восем супрацоўнікаў органаў унутраных справаў у цывільнай вопратцы фіксавалі ход масавага мерапрыемства на відэакамеру, хаваючы свае твары;
А 14.05 арганізатар акцыі М.Статкевіч агучыў маршрут шэсця, пасля чаго калона дэманстрантаў накіравалася па ходніках у бок плошчы Незалежнасці. М.Статкевіч папрасіў удзельнікаў акцыі пераходзіць дарогу па пешаходным і падземным пераходзе, не разрываючы калону;
А 14.15 калона спынілася каля будынка КДБ. М.Статкевіч нагадаў пра тое, што “нядаўна ў гэтым будынку ўтрымліваліся некалькі дзясяткаў чалавек” – фігурантаў справы «Белага легіёна»;
А 14.20 калона спынілася каля будынку МУС. М.Статкевіч у мегафон заявіў, што “супрацоўнікі органаў унутраных справаў збівалі жанчын, дзяцей і пенсіянераў падчас апошнім мірных акцыяў пратэсту”;
А 14.25 па праспекце Незалежнасці за калонай удзельнікаў акцыі рушыў аўтазак; Колькасць удзельнікаў падчас шэсця склала каля 200 чалавек.
А 14.30 удзельнікі акцыі прыйшлі на плошчу Незалежнасці. Каля Касцёла святых Сымона і Алены М.Статкевіч падзякаваў усім удзельнікам сходу і анансаваў наступную акцыю ў верасні;
Падчас сходу прысутнічалі прадстаўнікі СМІ, якія фіксавалі тое, што адбывалася на фота і відэа, камунікавалі з удзельнікамі акцыі. Перашкодаў для працы журнілістаў і назіральнікаў зафіксавана не было;
Удзельнікі акцыі не выкарыстоўвалі заклікаў да гвалтоўных дзеяньняў;
На дадзеным сходзе ўдзельнікі выкарыстоўвалі наступныя плакаты і расцяжкі: «Свабоду палітвязням», «БАСТА», «vox populi vox dei», «рэпрэсіўная ўлада пануе пракуратура міліцыя суд прэзідэнт народ Беларусі рабуе».
Рэкамендацыі:
Супрацоўнікам праваахоўных органаў:
* Ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы і быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі або нагруднымі знакамі);
* ГУУС Мегарвыканкама ўпаўнаважыць інфармацыйную групу кантактаваць з журналістамі і назіральнікамі, прысутнічаць на працягу ўсяго мерапрыемства.
Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
* Ініцыяваць змены ў заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.
Усе фотаздымкі: #controlBY