viasna on patreon

У правяраючых органаў няма заўваг да якасці ежы ў ЦІП і жодзінскім ІЧУ

2017 2017-06-28T16:12:23+0300 2017-06-28T17:07:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prisons10.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былыя сутачнікі-удзельнікі масавых акцый пратэстаў атрымалі адказы на свае калектыўныя звароты па фактах неякаснага харчавання ў ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама і ў ІЧУ г. Жодзіна.

Разгледзілі пытанні адносна харчавання ЗАТ “Ажына”, якая вырабляе ежу для арыштантаў у ЦІП і ІВС у Мінску, Упраўленне ўнутранных спраў Мінскага аблвыканкама і Міністэрства аховы здароўя.

Так, кампанія “Ажына”, якую былыя арыштанты прасілі прыняць меры па паляпшэнні якасці ежы, напісала, што меню на тыдзень складаецца ў адпаведнасці з нормай 3 харчавання асобаў, якія ўтрымліваюцца ў ізалятарах, дзе дакладна ўказана, якія прадукты і якую колькасць павінен атрымаць чалавек у суткі.

“Пры прыгатаванні страў мы строга кіруемся складзеным на тыдзень меню, згодна з вышэйзгаданай нормай і тэхналагічнымі картамі. Кантроль за якасцю прыгатаваных страў здзяйсняе бракеражная камісія. Заўвагаў па прыгатаванні харчавання з боку камісіі не было. Прыгатаваная ежа выдаецца ў кантэйнеры. Дастаўку яе на месца спажывання і парцыянаванне здзяйсняюць супрацоўнікі МУС”, - указваецца ў адказе.

У сваю чаргу, пры неаднаразовых праверках супрацоўнікамі УУС Мінаблвыканкама ў сакавіку 2017 года ІВС Жодзінскага ГАУС “недахопаў у матэрыяльна-пабытовым і санітарна-гігіенічным забеспячэнні адміністратыўна арыштаваных асобаў выяўлена не было”.

Таксама, у адказе УУС адзначаецца, што спецыялістамі дзяржаўнай установы “Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тыла МУС Рэспублікі Беларусь” раней быў разгледжаны аналагічны калектыўны зварот, у ходзе якого праведзена ацэнка якасці дастаўленага ў ІЧУ абеда: суп, бульба, рыба смажаная, морква “па-карэйскі”, узвар. Па знешнему выгляду, паху заўваг да якасці ежы не было. Асобна падкрэсліваецца, што асобам, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ, дазволена перадаваць харчовыя прадукты агульнай вагой не больше за пяць кілаграмаў згодна з пералікам.

“Факты, выкладзеныя ў вашай скарзе на якасць ежы і харчавання ў ІЧУ Жодзіна, не знайшлі свайго пацвержання. Парушэння заканадаўства з боку супрацоўнікаў АУС не ўстаноўлена”, - прыходзіць да высновы УУС Мінаблвыканкама.

Міністэрства аховы здароўя таксама спасылаецца на інфармацыю ад “Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тыла МУС Рэспублікі Беларусь”. На заўвагу адной з арыштантак Марыны Насенка пра тое, што часам посуд быў немыты, Міністэрства адзначае, што ў ЦІП выкарыстоўваецца машына для мыцця сталовага посуду, а ў штаце ЦІП ёсць раздатчык, у абавязкі якога ўваходзіць раздача ежы і мыццё посуду.

“Асобы, якія ўтрымліваюцца ў ЦІП, да мыцця посуду не прыцягваюцца, посуд збіраецца раздатчыкам пасля кожнага прыёму ежы і падвяргаецца механізаванаму мыццю і прасушванню.

Якасць мыцця посуду на момант правядзення маніторынгу задавальняючае, што падцвярджаюць вынікі санітарна-мікрабіялагічных даследванняў змываў, узятых са сталовага і кухоннага посуду”, - піша намесніца Міністра Н.П. Жукава ў адказе на зварот.

У ходзе разгляду звароту таксама Міністэрствам аховы здароўя праведзена ацэнка якасці, дастаўленых у ЦІП абеду і вячэры, заўваг да якасці прыгатавання ежы не ўстаноўлена.

Дзяржаўны орган асобна падкрэсліў, што норма №3 не прадугледжвае магчымасць забеспячэння харчаваннем адміністратыўна затрыманых ці адміністратыўна арыштаваных у залежнасці ад іх індывідуальных перавагаў - вегетарыянства, веганства і інш. Аднак, акрамя трохразовага харчавання асобам, што ўтрымліваюцца ў ЦІП, прадастаўлена права атрымоўваць перадачы, пасылкі, бандэролі ў адпаведнасці з пералікам прадуктаў харчавання, дазволеных да перадачы.

Што датычыцца харчаванне ў ІЧУ Жодзіна, то адказ Міністэрства ідэнтычны з тым, што даслаў УУС Мінаблвыканкама.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства