"Я і ІЧУ. Асабісты погляд" - Леанід Свецік
Натхніўшыся ідэяй праваабаронцы Паўла Левінава, які пайшоў сядзець ў ізалятар часовага ўтрымання Віцебску з дакумэнтам ад БХК пра тое, што падчас адсідкі ён будзе рабіць маніторынг умоваў ўтрымання ў ізалятары, «Віцебская вясна» вырашыла зрабіць уласны маніторынг. Тым больш, што пасля масавых арыштаў актывістаў увесну спецыяльна сядаць на «суткі» для гэтага ня трэба.
Мы папрасілі праваабаронцаў, незалежных журналістаў, грамадзкіх і палітычных актывістаў, якім давялося адседзець ў ІЧУ, падзяліцца сваімі ўражаннямі ад знаходжання ў няволі і распавесці пра ўмовы, з якімі сутыкнуліся там. Прычым вырашылі звярнуцца ня толькі да тых, хто сядзеў у Віцебску, але і да тых, хто пабываў у месцах ўтрымання правапарушальнікаў іншых гарадоў вобласці.
Прадстаўляем нашым чытачам першае сведчанне з цыклу «Я І ІЧУ. Асабісты погляд». Распавядае Леанід Свецік, праваабаронца. Адседзеў у ІЧУ 15 сутак за маніторынг масавых мерапрыемстваў, якія праходзілі ў Віцебску 25 і 26 сакавіка.
У Віцебскім следчым ізалятары часовага ўтрымання я адбываў адміністрацыйны арышт ўпершыню. Што мяне ўразіла?
Рэжым утрымання – камерны, г.зн. поўная ізаляцыя ад знешняга свету. У камерах цесна, дрэнная вентыляцыя.
Прыбіральня – у выглядзе ўнітаза, адкрытага для агульнага агляду, у якога змыў ручны.
Сцены – неразгладжаны бетон, шэрыя і халодныя.
У камеры ёсць стол. Ёсць прыкручаныя да падлогі крэслы, але не ва ўсіх камэрах. У кожнага вязня ляжак: заключаны ў жалезны каркас дашчаны насціл.
Вада з крана ідзе чыстая, халодная, прыдатная для піцця. Мыла – 6-ая частка кавалка гаспадарчага мыла.
Святло гарыць у камэры круглыя суткі. Ахова перыядычна зазірае ў камэру праз дзвярную шчыліну – вочка. Відэаназіранне ў камэры ажыццяўляецца 24 гадзіны ў суткі.
Матрац і падушку выдаюць на ўвесь тэрмін, пасцельную бялізну і ручнік выдаюць 1 раз на сем сутак. Душ мае быць раз на тыдзень.
Курэнне дазволенае, прычым у адных і тых жа камерах разам размяшчаюцца арыштанты, якія кураць, і якія ня кураць.
Прыбіранне памяшканняў, згодна з правіламі, робяць самі арыштанты. За 15 дзён вільготнай прыборкі не здзяйснялася, бо ня выдалі анучы і швабры. Дэзінфекцыя ўнітаза і яго чыстка былі праведзеныя толькі адзін раз за два тыдні – працаўніца ізалятара засыпала туды жменьку ачышчальнага парашку.
Раніцай і ўвечары праверкі, падчас якіх усіх, хто ўтрымліваецца ў камэры, выводзяць у калідор, ставяць тварам да сцяны, рукі з апорай на сцяну. Абшукваюць і людзей, і камэру. Падчас праверак дзяжурныя пытаюцца пра скаргі на здароўе і пра тое, ці ёсць якія-небудзь пытанні.
Тэлефанаваць на волю даюць толькі пасля разгляду пісьмовай заявы начальнікам ізалятара, які павінен накласці на заяву станоўчую рэзалюцыю.
Ежа – тры разы на суткі: палова буханкі чорнага і белага хлеба на суткі, неспажыўныя супы-баршчы, кашы, адзін раз на суткі – падсалоджаная гарбата. З мясных страваў – вечная катлета з інгрэдыентаў невядомага паходжання. Посуд – металічны: міскі, талеркі, лыжкі і кубкі бяз ручак.
Пасылкі харчовыя і рэчавыя прымаюць ад сваякоў без абмежавання вагі, але толькі дазволеныя законам прадметы і ежу.
У працоўныя дні можна звярнуцца да фельчара ІЧУ, які можа змераць ціск і тэмпературу, паслухаць дыханне, зрабіць абеззаражванне ранаў і перавязаць іх. У яе адсутнасць дзяжурны на патрабаванне арыштанта выклікае хуткую медычную дапамогу.
Шпацыры адбываюцца на працягу паўгадзіны ў адмыслова абсталяваным памяшканні, без вываду ў двор ІЧУ.
З 6:00 да 22:00 пастаянна гучыць радыё FM-дыяпазонаў. Выбіраюцца такія станцыі, па якіх перадаецца поп-музыка і мінімум інфармацыйных праграмаў. Гук уключаецца, як толькі па радыё адыграе дзяржаўны гімн.
Ёсць бібліятэка, у якой маецца некалькі старых падраных кніг. У работнікаў ІЧУ можна папрасіць шашкі. Калі будзе свабодны камплект – выдадуць.
Персанал ізалятара ў сваёй масе з'яўляецца работнікамі міліцыі. Яны трымаюцца з арыштантамі на афіцыйнай адлегласці, не вядуць размоў, не аказваюць паслугаў па-за патрабаваннямі правілаў распарадку ўстановы. Лісты перадаюць зняволеным грамадзянам пасля рэгістрацыі ў кнізе уваходнай/выходнай карэспандэнцыі. Ня чыняць перашкодаў працы абаронцаў. Сустрэчы са сваякамі не дазваляюцца. У выпадку парушэння рэжыму работнікі ўжываюць спэцсродкі да парушальнікаў. За час майго знаходжання я чуў, як парушальнікі прасілі зняць зь іх кайданкі, бо ім было балюча, і яны больш ня будуць парушаць правілы знаходжання ў ізалятары.
За два тыдні толькі адзін раз камэры абыходзіў работнік пракуратуры, у абавязкі якога ўваходзіць нагляд за працай ізалятара.
Аплочвае ўтрыманне арыштант з уласных сродкаў па тарыфе 11 рублёў 50 капеек за суткі знаходжання ў ІЧУ.