viasna on patreon

ЕС заклікае Беларусь неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне

2017 2017-05-06T13:31:56+0300 2017-05-07T09:15:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/eurazviaz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У сувязі з чарговым пакараннем смерцю ў Беларусі Еўрасаюз зноў заявіў аб непрымальнасці дадзенага віду пакарання пры любых абставінах. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай 6 мая заяве афіцыйнага прадстаўніка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, піша БелаПАН.

"Прымяненне смяротнага пакарання ідзе ўразрэз з заяўленай Беларуссю гатоўнасцю ўзаемадзейнічаць з міжнароднай супольнасцю, у тым ліку з Еўрапейскім саюзам, па гэтым пытанні і разгледзець пытанне аб увядзенні мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання", — гаворыцца ў заяве.

ЕС заклікае Беларусь — адзіную ў Еўропе краіну, якая ўсё яшчэ прымяняе смяротнае пакаранне, — неадкладна ўвесці мараторый на яго прымяненне ў якасці першага кроку да адмены гэтага віду пакарання. ЕС таксама заклікае замяніць смяротныя прыгаворы, якія яшчэ засталіся, на іншае пакаранне.

Аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прыгавора ў дачыненні да жыхара Гомеля Сяргея Вострыкава 5 траўня паведамілі беларускія праваабаронцы са спасылкай на маці асуджанага, якая атрымала адпаведнае паведамленне з Гомельскага абласнога суда.

Каардынатар Кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда мяркуе, што Вострыкава маглі расстраляць ў перыяд паміж 13 і 29 красавіка, бо апошні ліст з СІЗА №1 Мінска, дзе ён утрымліваўся, датаваны менавіта 13 красавіка, абласны ж суд атрымаў паведамленне аб прывядзенні прыгавора ў выкананне 29 красавіка. Акрамя таго, маці дазволілі ўбачыцца з асуджаным у СІЗА 5 кастрычніка — гэта была іх апошняя сустрэча.

34-гадовы Сяргей Вострыкаў быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання ў маі 2016 года па абвінавачанні ў жорсткім забойстве дзвюх жанчын, згвалтаванні і выкраданні. У кастрычніку 2016 года Вярхоўны суд пакінуў смяротны прыгавор без змянення. Справа слухалася ў закрытым рэжыме.

Не прыводзіць прыгавор у выкананне заклікала беларускія ўлады праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя".

У цяперашні час праваабаронцы спрабуюць высветліць лёс яшчэ аднаго асуджанага да смяротнага пакарання — 39-гадовага жыхара Мазыра Кірылы Казачка, які быў прызнаны вінаватым у забойстве дваіх уласных дзяцей. Казачок адмовіўся ад абскарджання прыгавора ў Вярхоўным судзе, напісаўшы адпаведную заяву, у сувязі з чым справа была знятая з апеляцыйнага разгляду.

Яшчэ адзін прыгавораны да пакарання смерцю — 32-гадовы жыхар Нароўлі Аляксей Міхаленя — абскардзіў прысуд у Вярхоўным судзе. Ён прызнаны вінаватым па артыкуле 139 Крымінальнага кодэкса за забойства двух чалавек з асаблівай жорсткасцю.

За апошнія 20 гадоў у Беларусі пакарана смерцю больш за 400 чалавек. Толькі адзін з асуджаных да смяротнага пакарання за гэты час быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.

3 траўня ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прайшла сустрэча, на якой абмяркоўваўся замежны вопыт у пытанні адмены пакарання смерцю. Удзел у дыскусіі прынялі беларускія дэпутаты, а таксама выканаўчы дырэктар арганізацыі "Праект па пытаннях смяротнага пакарання", член экспертнай групы па пытаннях смяротнага пакарання МЗС Вялікабрытанія Парвез Джабар і генеральны сакратар няўрадавай арганізацыі "Міжнародная камісія супраць смяротнага пакарання" (Іспанія) Асунта Віво Кавальер.

Намеснік старшыні камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Віктар Чайчыц заявіў, што беларускае грамадства ўжо гатовае да абмеркавання пытання аб увядзенні мараторыя на прымяненне смяротнай кары. На карысць такой гатоўнасці, паводле яго слоў, гавораць выпадкі, калі нават пацярпелыя прасілі не асуджаць вінаватых на смяротнае пакаранне. "Хутчэй за ўсё, мы будзем рухацца да таго (і я гэта падтрымліваю), што народ будзе прыхільнікам увядзення мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання", — сказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства