У Пінску актывіст Алесь Рамановіч асуджаны да штрафу і арышту
Штрафам у 40 базавых велічынь за непадпарадкаванне міліцыі і арыштам на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі суд пакараў удзельніка пінскага «марша недармаедаў» Алеся Рамановіча.
Падчас акцыі супраць Дэкрэта №3, якая праходзіла ў Пінску 26 сакавіка, былі зафіксаваны затрыманні грамадскіх актывістаў Алеся Рамановіча, Ігара Салаўя і Дзмітрыя Тарасюка. Паводле “Свабоды”, усяго на плошчы Леніна ў той дзень было затрымана 12 пінчукоў. 4 красавіка судзілі трох удзельнікаў гэтай акцыі.
На актывіста Алеся Рамановіча былі складзены пратаколы па артыкулах двух артыкулах КаАП - 23.4 (за непадпарадкаванне міліцыі) і 23.34 (за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Супраць актывіста у судзе сведчылі два супрацоўнікі АМАПу, якія затрымлівалі яго 26 сакавіка.
Супрацоўнікі міліцыі, паводле “Свабоды”, казалі, што падчас затрымання Рамановіч аказваў супраціў, не падпарадкоўваўся, пры гэтым не звяртаўся да іх з патрабаваннем паказаць службовыя пасведчанні. Рамановіч жа заявіў, што, наадварот, патрабаваў ад людзей у цывільным, якія схапілі яго за рукі, каб тыя назваліся. Пры гэтым ён прадставіў відэазапіс з кадрамі свайго затрымання. На відэа бачна, што Рамановіч не аказваў супраціву і на ўсім шляху да аўтазаку не выкрыкваў ніякіх абразаў. Актывіст звярнуўся да суддзі з просьбай спыніць разгляд справы за «непадпарадкаванне», бо гэтае абвінавачванне не адпавядае рэальнасці.
Нягледзячы на прадстаўленыя доказы, суд прызнаў Алеся Рамановіча вінаватым па двух артыкулах, прызначыўшы ў якасці пакарання розныя меры адміністратыўнага спагнання - і штраф і арышт.