У Бабруйску дазволілі мітынг за правы і свабоды грамадзянаў
Бабруйскі гарвыканкам дазволіў правесці 9 красавіка мітынг за правы і свабоды грамадзянаў, заяўку на які падавала кіраўніца суполкі прафсаюзу РЭП Галіна Смірнова, паведамляе “Свабода”.
Заяўку актывістка падавала 24 сакавіка, перад сваім другім судом за арганізацыю папярэдніх мітынгаў, а канкрэтна — за перапост у «Аднакласніках» інфармацыі пра тое што 12 сакавіка мусіць адбыцца мітынг.
Мітынг 9 красавіка мае адбыцца на тэрыторыі стадыёну фабрыкі «Славянка». Праз тапаграфічныя асаблівасці Бабруйску гэта адначасова і недалёка ад цэнтру, і практычна край гораду, далей толькі крэпасць. Стадыён з'яўляецца афіцыйна адведзеным уладамі месцам для пікетаў ці мітынгаў, і Галіна Смірнова ў заяве адразу пазначыла яго.
— Я ж ужо бачыла, да чаго ідзе, — тлумачыць Смірнова, — у горадзе ўжо нічога не дазвалялі. Каб і пратэставы настрой людзей падтрымаць, і без ахвяраў абыйсціся, заведама пагадзілася на афіцыйна адведзенае месца. Але і на мітынгу і далей мы будзем патрабаваць не толькі адмены «дармаедскага» дэкрэту, кантрактнай сістэмы, спынення пераследу палітычных апанентаў, але і права праводзіць мітынгі ў больш зручных і бачных месцах. Плошчу Перамогі я, напрыклад, лічу ідэальным месцам. Але яны, напэўна, баяцца, што мы танк згонім.
Пляцоўка па вуліцы Урыцкага перад уваходам на тэрыторыю стадыёну невялікая, там 7 кастрычніка праходзіў дазволены пікет прафсаюзаў. Але тады было менш за 50 чалавек, цяпер жа арганізатары чакаюць нашмат больш.
— Як мы на ўваходзе, да агароджы, змесцімся, я не ведаю, — кажа Галіна Смірнова. — Але не думаю, што народ пойдзе ў клетку. Я і сама туды не пайду. Яшчэ будзем разбірацца з гарвыканкамам — яшчэ адна нагода патрабаваць дазволу на нармальныя месцы.