“Пшеки вон” -- такі надпiс па-руску з’явiўся ўначы з 29 на 30 лiстапада на галоўнай сядзiбе Саюза палякаў на Беларусi. Па словах сябраў арганiзацыi гэта не першы падобны выпадак. Кiраўнiцтва Саюза палякаў праiнфармавала пра здарэнне праваахоўчыя органы (Газета “Пагоня”).
“Я не ведаю каму можа быць патрэбна распальванне нацыянальнай варожасцi. Але гэта ўжо другi выпадак за апошнi месяц. На працягу 10 год нiчога падобнага не было, а цяпер два разы на месяц”, - гаворыць намеснiк старшынi СПБ Юзаф Пажэцкi. Па яго словах першы надпiс з’явiўся напярэдаднi прыезду ў Гродна маршалка Сэнату Польшчы Лонгiна Пастусяка. Тады кiраўнiцтва СПБ таксама звярнулася ў мiлiцыю.
“Прыходзiлi супрацоўнiкi мiлiцыi. Глядзелi надпiсы. Але яны ацэнiлi iх як звыклае хулiганства, маўляў, шмат розных надпiсаў з’яўляецца ў горадзе. Я думаю, што нават крымiнальная справа не ўзбуджалася”, - гаворыць Пажэцкi.
Падобную пазiцыю займае i Савет па справах рэлiгiй i нацыянальных меншасцяў Гродзенскага аблвыканкаму. Тыдзень таму на адмысловай прэсавая канферэнцыi кiраўнiк Савета Iгар Папоў заявiў, што на Гродзеншчыне няма мiжнацыянальных праблемаў. Мiж тым да свастык, якiх малююць нацысты на вулiцах гораду, гродзенцы ўжо паспелi прызвычаiцца. Некалькi разоў на працягу апошнiх гадоў на сценах сынагогi з’яўлялiся антысэмiцкiя надпiсы.
Пра нацысцкiя надпiсы на сядзiбе Саюза Палякаў на Беларусi ў Савеце па справах рэлiгiй i нацыянальных меншасцяў Гродзенскага аблвыканкаму даведалiся ад карэспандэнта ПАГОНI. На думку галоўнага спецыялiста Савета Уладзiмiра Скрабко падобная з’ява не характэрна для Гродзеншчыны. “Я думаю, што гэта праява “пiжонства” з боку пэўнай катэгорыi падлеткаў. Падобныя з’явы не носяць сiстэматычнага характару i для Гродзеншчыны ўвогуле не характэрны. Я не магу прыгадаць нiводнага падобнага выпадку, каб такiм чынам нехта спрабаваў распалiць мiжнацыянальную варожасць не толькi да палякаў, але i да iншых нацыянальнасцяў. Прынамсi задакументаваных фактаў таму няма. Што тычыцца юрыдычнай ацэнкi падобных дзеянняў, то яе павiнен даць суд. Я не магу даваць юрыдычную ацэнку гэтаму здарэння”, - гаворыць галоўны спецыялiст Савета па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў Гродзенскага аблвыканкаму Уладзiмiр Скрабко. Па яго словах супрацоўнiкi Савету па справах рэлiгiй i нацыянальных меншасцяў неадкладна зоймуцца высвятленнем падрабязнасцяў гэтага здарэння.
Мiлiцыя ўжо распачала праверку па факце з’яўлення антыпольскiх надпiсаў на сядзiбе Саюза палякаў на Беларусi. Па словах намеснiка начальнiка Ленiнскага РАУС Аляксандра Хiлько на працягу 10 блiжэйшых дзён супрацоўнікі міліцыі будуць праводзiць праверку здарэння. “Асноўнай версiяй, з’яўлення антыпольскiх надпiсаў з’яўляецца хулiганства, - заяўляе Аляксандр Хiлько”.
На думку намеснiка старшынi Саюза палякаў на Беларусi Юзафа Пажэцкага гаворка можа iсцi пра свядомае распальванне нацыянальнай варожасцi. Такiя справы згодна з беларускiм заканадаўствам расследуюцца пракуратурай цi КГБ. “Намi ўжо падрыхтаваны адпаведны зварот у пракуратуру Ленiнскага раёну Гродна”, - заявiў ПАГОНI Юзаф Пажэцкi. Ён спадзяецца, што там з належнай увагай падыдуць да звароту Саюза палякаў на Беларусi. Дзеяннi, накiраваныя на распальванне нацыянальнай варожасцi, згодна з Крымiнальным Кодэксам Рэспублiкi Беларусь, з’яўляюцца злачынствам.
pahonia.promedia.by