15 базавых велічынь за заклік да ўдзелу ў Дні Волі
29 сакавіка Слуцкі раённы суд разгледзеў адміністрацыйную справу абласнога каардынатара руху «За свабоду» Віталя Амяльковіча, абвінавачанага па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП (прызыў на несанкцыянаванае мерапрыемства). Пра гэта паведамляе Беларускае Радыё Рацыя".
24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, жыхара Слуцка затрымалі а 18-й гадзіне ў цэнтры Слуцка. Пасля ператрусу ў кватэры яго абвінавацілі ў закліку на несанкцыянаванае мерапрыемства (ч.1 23.34 КаАП) за размяшчэнне ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» выявы і тэксту пра Дзень Волі, паведамляе радыё „Свабода”.
Судовае пасяджэнне адбылося без удзелу самога актывіста. Віталь Амяльковіч прасіў суд перанесці судовае паседжанне на наступны дзень у сувязі з асабістымі абставінамі. У зале прысутнічала група людзей, якія прыйшлі маральна падтрымаць актывіста.
Суддзя Аляксандр Тарасюк працягнуў судовы працэс, агучыў матэрыялы справы. Ніякіх сведак, у тым ліку міліцыянтаў, якія затрымлівалі грамадскага актывіста, у судзе не было. Пастанова - штраф у памеры 15 базавых велічынь (345 рублёў).