EPDE заклікае ўлады Беларусі гарантаваць свабоду мірных сходаў у краіне
Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары (EPDE), сакратарыят якой знаходзіцца ў Берліне, заклікае беларускія ўлады вызваліць затрыманых падчас акцый пратэсту і гарантаваць свабоду сходаў у краіне.
25 сакавіка ў мінскі офіс сяброўскай арганізацыі EPDE ў Беларусі Праваабарончага цэнтра “Вясна” ўварваліся супрацоўнікі міліцыі. 57 праваабаронцаў, сярод іх старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак, які таксама з'яўляецца сябрам EPDE, былі затрыманыя. Юрыст ПЦ “Вясна” быў шпіталізаваны пасля таго, як быў збіты міліцыяй.
Затрыманыя былі валанцёрамі, якія павінны былі назіраць за акцыяй пратэсту ў цэнтры Мінска, у тым ліку міжнародныя назіральнікі, прадстаўнікі замежных СМІ і праваабарончых арганізацый. Усе затрыманыя былі адпушчаныя ў той жа дзень. Некалькі сотняў пратэстоўцаў былі затрыманыя ў Беларусі ў выніку разгону масавых акцый пратэсту супраць аўтарытарнага рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі.
EPDE заклікае беларускія ўлады вызваліць мірных дэманстрантаў, якія былі затрыманыя падчас акцый пратэсту, і гарантаваць свабоду сходаў у краіне.