Фігурантаў «справы графіцістаў» спрабуюць затрымаць з дапамогай пажарных
Сёння з раніцы Міліцыя дзяжурыць каля кватэр Вадзіма Жаромскага і Максіміліяна Пякарскага.
25 сакавіка дома ў бацькоў Вадзіма Жаромскага ў Смаргоні прайшоў вобшук. Паводле іх словаў, міліцыянты ўвесь час атрымлівалі інструкцыі ад трэціх асоб па тэлефоне.
Па інфармацыі “Нашай нівы”, сам Жаромскі цяпер знаходзіцца ў Мінску, і каля яго кватэры таксама дзяжурыць міліцыя. Максіміліяна Пякарскага заблакавалі дома ў Смаргоні з маці і сястрой суткі таму. Ім, паводле іх сведчанняў, выключалі свет і глушылі мабільную сувязь. На вуліцы і ў пад'ездзе былі міліцыянты. А сення да дома Пякарскага прыехалі ажно тры пажарныя машыны.
Вадзім Жаромскі кажа што вобшук у яго бацькоў, як патлумачылі міліцыянты, быў звязаны з тым, што ў сакавіку 2015 года на смаргонскім райвыканкаме з'явілася графіці палітычнага зместу.
А камеры відэаназірання ў тую ноч чамусьці не працавалі. Тады дапытвалі ўсю смаргонскую моладзь. «Цяпер ведаю, што толькі нас дваіх з Максам па справе гэтай падазраюць, але у 2015 нават не выклікалі. У іх нечакана адшукаўся нейкі сведка», — кажа Жаромскі.
Затрымліваць людзей з дапамогай пажарных ды МЧС — гэта новая практыка сілавых структур у малых гарадах. Так ужо затрымалі Паўла Сяргея ў Маладзечна.
Максім Пякарскі, Вячаслаў Касінераў і Вадзім Жаромскі — трое графіцістаў, якіх летам 2015 года жорстка затрымала міліцыя. Прычынай стала запэцкванне фарбай білбордаў і маляванне графіці «Беларусь мае быць беларускай». Касінераву пры затрыманні зламалі сківіцу (у крымінальнай справе ў дачыненні да супрацоўніка САХР хлопцу пазней адмовілі). Максім Пякарскі каля 20 дзён правёў за кратамі. Пазней суд не выявіў у іх дзеяннях злоснага хуліганства і даў штраф за пашкоджанне маёмасці.