ЕС: Прымяненне сілы супраць мірных дэманстрантаў нельга апраўдаць
Заява прэс-сакратара Службы знешняга дзеяння Еўрапейскага саюза па падзеях напярэдадні і падчас сённяшніх акцый “Дзень волі” ў Беларусі
Еўрапейскі саюз уважліва сочыць за рэакцыяй беларускіх уладаў на нядаўнія дэманстрацыі. У апошнія дні мы назіралі штогадзінныя паведамленні аб прэвентыўных арыштах і затрыманнях па розных абвінавачваннях. Журналісты зазналі пераслед за асвятленне акцый. Такое падаўленне свабоды слова і сходаў знаходзіцца ў супярэчнасці з заяўленай палітыкай Беларусі па дэмакратызацыі, а таксама міжнароднымі абавязальніцтвамі краіны.
Як перад пачаткам, так і падчас сённяшніх акцый “Дзень волі”, а таксама насуперак заклікам да стрыманасці ад міжнароднай супольнасці, рэакцыя з боку службаў бяспекі была беспарадкавай і недарэчнай. На офіс Праваабарончага цэнтра “Вясна” быў здзейснены напад. Звычайныя грамадзяне былі затрыманыя ў вялікай колькасці без уяўных прычынаў. У сувязі з гэтым, мы нагадваем, што прымяненне сілы супраць мірных дэманстрантаў не можа быць апраўдана ні пры якіх абставінах.
Неабходна прытрымлівацца павагі да асноўных правоў і свабодаў, у тым ліку свабоды слова, сходаў і асацыяцый. Усе нядаўна затрыманыя мірныя грамадзяне павінны быць неадкладна вызваленыя.
Захады, зробленыя Беларуссю ў кірунку павагі да ўніверсальных асноўных свабодаў, вяршэнства права і правоў чалавека, будуць заставацца ключавым фактарам пры фарміраванні адносінаў Еўрапейскага Саюза з гэтай краінай.