Затрымалі актывістаў партыі "Зялёныя" і журналістаў Дапоўнена
Як паведаміла "Наша ніва", усіх, хто быў на офісе партыі па Фабрыцыуса, 4 у Мінску, пагрузілі ў мікрааўтобус і павезлі ў РАУС для высвятлення асобаў і акалічнасцяў.
Сёння, 24 сакавіка, ад 17 да 20 гадзін тут планавалася правесці збор рэчаў, ежы і грошай для затрыманых да і пасля "Маршу недармаедаў" у Мінску і асуджаных на суткі. Запрашалі далучацца ўсіх ахвотных дапамагчы.
Цяпер на офісе нікога няма, але людзі, якія збіраліся падтрымаць акцыю, працягваюць падыходзіць.
Сярод затрыманых былі і журналісты, у тым ліку карэспандэтка Радыё Свабода Галіна Абакунчык, журналістка выдання «Новое Время» (Украіна) і журналісты «France24» (Францыя).
Усіх затрыманых, а гэта 13 чалавек, адвезлі ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска. Яны ўсе пакуль у аўтобусе каля РУУСа. Паведамляецца, што пачалі адпускаць журналістаў.
Праваабаронцам вядомы наступныя затрыманыя:
- Галіна Абакунчык
- Алесь Залеўскі
- Крысціна Бердзінскіх
- Хрысціна Чарняўская
- Уладзімір Валодзін
- Гулівер Крэйн
- Ганна Сівакова
- Надзея Немік
- Павел Патапаў
- Аляксандр Малашкаў
- Марына Дубіна
Стала вядома, што аднаго з затрыманых - Уладзіміра Валодзіна - заўтра будуць судзіць у Маскоўскім судзе нібыта за адміністрацыйнае правапарушэнне па арт. 17.1 "Дробнае хуліганства".
Як паведаміла маці Паўла Патапава, пакуль яна знаходзілася пад Маскоўскім РАУСам, у іх кватэры адбыўся агляд у межах адміністрацыйнай справы. Аднак, якой менавіта - пакуль невядома.