У Мазыры праваабаронца просіць мясцовыя ўлады і міліцыю «не ганьбіць горад» і вызваліць затрыманых 18 сакавіка
Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун - сябра Беларускага Хельсінскага Камітэту і Праваабарончага цэнтру "Вясна" - просіць мясцовыя ўлады і міліцыю «не ганьбіць, не дыскрэдытаваць горад» і вызваліць з ізалятара часовага ўтрымання жыхароў Мазыра, затрыманых 18 сакавіка пасля мірнага сходу.
Адпаведныя электронныя звароты Уладзімір Целяпун накіраваў на імя старшыні Мазырскага райвыканкама Алены Паўлечка і начальніка РАУС Віктара Ганчарова, перадае БелаПАН.
Праваабаронца адзначае, што 18 сакавіка на плошчы Леніна ў Мазыры сабраліся людзі, якія абменьваліся паміж сабой думкамі, дзяліліся праблемамі, мірна выказвалі сваю незадаволенасць эканамічнай сітуацыяй. На акцыі прысутнічаў старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Гвоздзь і намеснік старшыні райвыканкама Фелікс Галюк. Целяпун нагадвае, што чыноўнікі таксама выступалі на плошчы, удзельнічалі ў дыскусіі, а потым запрасілі грамадзянаў у будынак райвыканкама, дзе іх выслухалі старшыня райвыканкама Алена Паўлечка і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Расоха.
«Грамадзяне не давалі падставы, і ў міліцыі таксама не было прычын прымяняць да іх гвалтоўныя дзеянні. Тым не менш, пасля заканчэння акцыі былі затрыманыя чатыры чалавекі, ім інкрымінавалі парушэнне артыкулу 23.34 КаАП - парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства. Па якой прыкмеце, якім факце затрыманым інкрымінаваўся такі артыкул?», - цікавіцца Целяпун.
Ён прапануе ў такіх выпадках лічыць арганізатарамі акцыі і старшыню райсавета Сяргея Гваздзя, і намесніка старшыні райвыканкама Фелікса Галюка, якія прынялі ў ёй актыўны ўдзел.
У звароце да Алены Паўлечка заяўнік ўдакладняе: можа, затрымалі тых грамадзянаў, якія не пажадалі ісці на размову ў выканкам па прапанове чыноўнікаў, або пытанні гэтых грамадзянаў не спадабаліся чыноўнікам - і людзям такім чынам адпомсцілі?
Праваабаронца прапануе адпусціць людзей з ІЧУ.
Тым часам у мазырскім ІЧУ не даюць інфармацыі пра колькасць затрыманых - дзяжурны ізалятара рэкамендуе тэлефанаваць па нумары «102». Дакладна вядома, што ў ІЧУ знаходзіцца затрыманы Алег Шаўко - ён прабудзе там да суда, які адбудзецца 20 сакавіка.