viasna on patreon

Запрашаем на прэзентацыю гадавой справаздачы па маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання

2017 2017-03-17T23:59:00+0300 2017-03-19T22:07:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sapelka_sa_spravazdachaj.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка, эксперт па пытаннях пенітэнцыярнай сістэмы.

Павел Сапелка, эксперт па пытаннях пенітэнцыярнай сістэмы.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" падрыхтаваў "Справаздачу па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Рэспубліцы Беларусь за 2016 год". Канстатуючы становішча ў месцах несвабоды ў 2016 годзе, Справаздача прадстаўляе аналіз розных аспектаў тэмы даследвання - умоваў утрымання зняволеных, парушэнняў іх працоўных і палітычных правоў, праблемы медыцынскага абслугоўвання, магчымасцяў для падачы скаргаў і вядзення перапіскі, практыкі лячэбна-працоўных прафілакторыяў, абмежавання грамадскага кантролю за ўстановамі пенітэнцыярнай сістэмы і іншае. 

У Справаздачы эксперты адзначаюць наступныя тэндэнцыі. У 2016 годзе ў Беларусі адбылося зніжэнне колькасці правапарушэнняў, але працягнуўся рост колькасці зняволеных папраўчых устаноў. Пры росце колькасці зняволеных былі ліквідаваныя некаторыя калоніі. Пры тым, што норма плошчы на аднаго зняволенага ўдвая меншая за прадугледжаную еўрапейскімі стандартамі, Беларусь не падала ў міжнародныя арганізацыі звесткі пра ліміт напаўняльнасці сваіх калоній.

Пры аналізе балючых пытанняў, у Справаздачы зроблены ўпор на праблему смерцяў асуджаных у месцах пазбаўлення волі, якая раскрываецца на прыкладзе справаў, па якіх працавалі праваабаронцы "Вясны" - пра смерць Алега Багданава і Ігара Барбашынскага ў Жодзінскай турме №8, Ігара Пцічкіна - у Мінскім СІЗА №1. Гэтая праблема ўскладняецца абмежаваннем удзелу няўрадавых арганізацый у грамадскім кантролі за месцамі пазбаўлення волі. І сітуацыя 2016 года, калі Міністэрства юстыцыі, якое займаецца фарміраваннем Грамадскіх наглядальных камісій, не прадставіла звестак пра іх дзейнасць, толькі падкрэслівае важнасць намаганняў няўрадавых арганізацый па правядзенні маніторынгу месцаў пазбаўлення волі.

У сувязі з новай хваляй адміністрацыйных затрыманняў і арыштаў, якія адбываюцца ў краіне з пачатку сакавіка, асаблівую актуальнасць у Справаздачы набываюць акцэнты, зробленыя на выпадках жорсткага абыходжання супрацоўнікаў міліцыі з грамадзянамі пры затрыманнях.

Удзельнікі прэзентацыі ад ПЦ "Вясна": каардынатар маніторынгу, эксперт па пытаннях пенітэнцыярнай сістэмы, юрыст Павел Сапелка і старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі.

Прэзентацыя адбудзецца 21 сакавіка (аўторак) у офісе ПЦ "Вясна" па адрасе: вул. Мяржынскага, 8-26. Пачатак аб 11-й гадзіне.


Даследаванне праводзілася на падставе звестак, сабраных Праваабарончым цэнтрам "Вясна" ў працэсе працы з асобамі, якія выйшлі альбо знаходзяцца ў месцах прымусовага ўтрымання, і іх сваякамі, перапіскі са следчымі, судовымі органамі і пенітэнцыярнымі ўстановамі па іх справах, інфармацыі з адкрытых крыніцаў, а таксама аналізу дакументаў, нарматыўна-прававых актаў і статыстычных звестак. Ацэнкі і рэкамендацыі экспертаў у Справаздачы зроблены зыходзячы з нормаў міжнароднага права ў гэтай сферы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства