У рэгіёнах асудзілі ўдзельнікаў маршу недармаедаў Дапоўнена
Сёння ў судах Гародні і Магілёва адбыліся разгляды адміністрацыйных спраў, заведзеных на ўдзельнікаў акцый пратэсту, якія адбыліся 15 сакавіка. Па падліках праваабаронцаў, у абласных цэнтрах супрацоўнікі міліцыі затрымалі ўчора больш за 15 чалавек.
Гародня
Стала вядома, што на дваіх удзельнікаў акцыі 15 сакавіка, якія былі ў масках, склалі пратаколы правапарушэння. Гэта Раман Кац і Андрэй Кніга. Калі будзе суд - невядома. Яшчэ аднаго, непаўнагадовага, адпусцілі з РАУСа Ленінскага раёна ноччу. Праваабаронцы высвятляюць лёс астатніх затрыманых, але у РАУСе інфармацыі не даюць і накіроўваюць у прэс-службу абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў. Старшыня Ленінскага суду Гародні адмовілася сустрэцца з праваабаронцамі, якія хацелі спраўдзіць інфармацыю пра суды, спаслаўшыся на непрыёмны дзень.
У суд Ленінскага раёна вязуць актывіста АГП Аляксандра Лаўрэнцьева.
Каля 12.30 стала вядома, што Аляксандр Лаўрэнцьеў знаходзіўся ў гарадзенскім ізалятары часовага ўтрымання. Яго павінны прывезці ў суд Ленінскага раёну для разгляду адміністрацыйнай справы. Але нібыта спярша павезлі ў РАУС. Тым часам праваабаронцаў папрасілі пакінуць будынак суда, спаслаўшыся на абедзенны час.
Суддзя Дзмітрый Бубенчык пачаў працэс у 15 гадзін, не прадставіўшыся. Лаўрэнцьеў адмовіўся ад дачы паказанняў, бо не бачыць у гэтым сэнсу. Суддзя не можа разабраць, што напісана ў пратаколе правапарушэння. Праглядзеў відэа з месца падзей. Выступілі сведкі - маёр Андрэй Пігулскі, наступны сведка старэйшы лейтэнант Кашкевіч. Пасля перапынку суддзя абвясціў - 13 сутак арышту.
Магілёў
Пакуль вядома, што у судзе Ленінскага раёна на 10 гадзін раніцы прызначаны разгляд адміністрацыйных спраў Аляксандра Царука і Аляксандра Нажэнкі. На іх былі складзеныя пратаколы за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (арт 23.4 КаАП). Пакуль яны ў ізалятары часовага ўтрымання. Праваабаронцы паведамляюць, што сярод затрыманых учора – Аляксандра Страха няма.
Затрыманую ўчора маці чатырох непаўнагадовых дзяцей Алену Крэнь, сёння выклікалі на 9 раніцы, далі позву у РАУС на 12.30 і склалі пратакол правапарушэння па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
У Ленінскім судзе Магілёва з’явіўся спіс разглядаемых адміністрацыйных спраў, у якім фігуруюць затрыманыя ўчора ўдзельнікі акцыі. У спісе 8 асобаў. Суддзя В. Палякова ў 14-00 пачне разгляд справы Ігара Чарака (раней падаваўся як Чарняк), а ў 14-30 – Аляксандра Нажэнкі.
Аляксандр Нажэнка (пенсіянер, ліквідатар аварыі на ЧАЭС) папрасіў суддзю даць яму суткі, таму што ён збірае грошы на аперацыю па зроку і баіцца, што калі яму дадуць штраф, ён застанецца сляпым. Падпісаў паперу аб прызнанні віны і згодзе на скарочаны парадак суда. Суддзя Палякова вынесла пастанову аб адміністрацыйным папярэджанні. Гэта самае мякчэйшае пакаранне.
Ігара Чарака вінавацяць у непадпарадкаванні і ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу. Чарак часткова прызнаў віну па абодвух артыкулах.
Сведка - Юдзін Аляксандр Сяргеевіч, камандзір каманды АМАП УУС Магаблвыканкама. Сведка заявіў, што калі яны падышлі да Чарака, то ветліва прадставіліся і паказалі пасведчанні. Калі Чарака пачалі хапаць, Юдзін, нібыта, узяў пасведчанне ў зубы і ўсе навакольныя маглі бачыць гэта пасведчанне. Яшчэ адзін сведка - Ярмолін Сяргей Сяргеевіч. Суддзя Палякова вырашыла паглядзець відэа з Чараком, а затым выслухала сведку – інспектара РАУСа Дзяніса Ваньковіча. Пастанова - арышт на 15 сутак.
Суддзя Т. Касцюк разглядае справу Алены Крэнь. Пачатак у 14-00. Прысуд - штраф 10 базавых велічынь.
Справа Аляксандра Царука на разглядзе ў суддзі Вольгі Бекушавай, пастанова - штраф 25 базавых велічынь.
Алега Мяцеліцу суддзя С. Мазурава пакарала арыштам на 12 сутак.
Таксама ў другой палове дня пройдуць суды над Зміцерам Люнтавым, Канстанцінам Чарновым і Аленай Кісель.
У Чарнова пераломы абедзьвух рук, якія ён атрымаў да акцыі. Яму прысудзілі штраф у памеры 20 базавых велічынь. Суддзя - Т. Рубіс.
Алену Кісель суддзя Ратнікава пакарала штрафам у памеры 15 базавых велічынь па ч.1 арт. 23.34 КаАП.
Справу Зміцера Люнтава разглядала суддзя Літвіна, якая вынесла пастанову аб арышце на 15 сутак.
Орша.
16 сакавіка ў судзе Аршанскага раёна вынесеная пастанова ў дачыненні да старшыні адршанскага аддзялення прафсаюзу РЭП Аляксандра Булаўкі. За удзел у акцыі пртэсту 12 сакавіка яго пакаралі арыштам на 12 сутак.