Бярозаўскі суд пакараў Аляксандра Кабанава арыштам Фота
Суд Бярозаўскага раёна 9 сакавіка разгледзеў адміністратыўныя справы “каардынатара” брэсцкага “Марша недармаедаў” і актывіста АГП Аляксандра Кабанава.
Разгледзеўшы пратакол, складзены на актывіста за “Марш недармаедаў”, які адбыўся ў Брэсце 26 лютага, суддзя Наталля Вакульчык прызнала яго вінаватым у арганізацыі і ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паводле артыкула 23.34 КаАП і пакарала арыштам на 5 сутак.
Перад гэтым суддзя разгледзела адміністратыўную справу супраць Аляксандра Кабанава, заведзеную паводле артыкула 17.1 КаАП – за дробнае хуліганства, якое нібыта ўчыніў актывіст раніцай 2 сакавіка. Тое, што ён лаяўся матам і прыставаў да мінакоў, засталося недаказаным, паколькі Сяргей Сычык, які правакаваў Кабанава на такія дзеянні, у суд не з'явіўся, а супрацоўнікі міліцыі сказалі, што больш лаяўся Сычык.
Таксама суддзя Наталля Вакульчык палічыла нязлосным парушэннем нез’яўленне Аляксандра Кабанава па позве ў міліцыю, куды яго выклікалі на 5 сакавіка (на 10-00) – то бок, за дзве гадзіны да чарговай акцыі супраць Дэкрэта №3.
Актывісты з розных гарадоў вобласці - Брэста, Кобрына, Бярозы, Баранавіч, а таксама старшыня АГП Анатоль Лябедзька з Мінску прыехалі ў суд падтрымаць Кабанава. Для адбыцця адміністратыўнага арышту яго забралі з залы суда.