У Смаргоні праваабаронца Алесь Дзергачоў абскардзіў у суд незаконнасць Дэкрэта №3
Праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў накіраваў у суд Смаргонскага раёна скаргу на дзеянні інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Смаргонскім раёне, якая патрабуе выплаты збору паводле Дэкрэта №3 ад 2 красавіка 2015 года, паведамляе “Гарадзенская Вясна”.
Пры гэтым Алесь Дзергачоў не спрабуе даказаць свой удзел у фінансаванні дзяржвыдаткаў у 2015 годзе, хаця фактычна выплаціў каля траціны патрабуемых Дэкрэтам падаткаў. Асноўная ўвага – адсутнасць увогуле абавязку не толькі яго, але і жыхароў Беларусі выконваць дадзены Дэкрэт прэзідэнта, бо ён пярэчыць шматлікім артыкулам Канстытуцыі краіны і міжнародным прававым актам, уводзячы прымусовую працу.
У прыватнасці, заяўнік звяртае ўвагу, што Дэкрэт, прыняты у красавіку 2015 г., увёў заднім чыслом, са студзеня 2015 г., новы абавязак – збор, што ёсць пагаршэннем становішча грамадзян, а гэта забаронена Канстытуцыяй.
Сярод іншых Дзергачоў прыводзіць і наступны аргумент. Ва ўмовах адсутнасці патрэбнай колькасці працоўных месцаў Дэкрэт ператвараецца ў фактычную беспадстаўную канфіскацыю маёмасці ў выглядзе збору. Даказваючы, што патрабаванне выплаты збору за адсутнасць афіцыйнага месца працы ёсць фактычная канфіскацыя маёмасці, а не стымул для працаўладкавання, заяўнік прыводзіць афіцыйную статыстыку. У Беларусі падатковымі органамі разаслана каля 500 000 паведамленняў аб выплаце збору за 2015 год. Але ж у канцы 2015 года працадаўцы прапаноўвалі толькі 29 000 працоўных месцаў пры 43 300 зарэгістраваных беспрацоўных (статыстычны зборнік «Праца і занятасць ў Рэспубліцы Беларусь» на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта, 2016 год, старонка 225). Такім чынам, дзяржава у 2015 годзе не магла прапанаваць працу нават усім афіцыйна беспрацоўным, а наяўнасць працоўных месцаў ахоплівала менш 10% грамадзян, якім накіраваны паведамленні аб выплаце збору. Такім чынам, грамадзянам Беларусі ў 2015 годзе не была забяспечана магчымасць рэалізацыі права на працу, гарантаванага Канстытуцыяй. Таму ўведзены прэзідэнтам збор за непрацаўладкаванне ва ўмовах адсутнасці адпаведнай колькасці працоўных месцаў ёсць ні што іншае як канфіскацыя маёмасці.
Алесь Дзергачоў таксама падкрэслівае, што Дэкрэт падпісаны прэзідэнтам і ад яго імя. Але прэзідэнт абраны, як ён лічыць, незаконна. Ва ўсякім разе, у Смаргонскім раёне. І прыводзіць факт з мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Пасля выбараў на сайце ЦВК была размешчана інфармацыя аб выніках галасавання па раёнах Беларусі. Там было адзначана, што ў Смаргонскім раёне (дзе 40 выбарчых участкаў) за кандыдата Тацяну Караткевіч прагаласавала 887 выбаршчыкаў. Аднак толькі на 8-мі выбарчых участках горада, у адпаведнасці з афіцыйнымі выніковымі пратаколамі, за дадзенага кандыдата прагаласавала 1 870 выбаршчыкаў. У наяўнасці фальсіфікацыя на тэрыторыі цэлага раёна. Калі выбары сфальсіфікаваныя на тэрыторыі асобнага раёна, то і агулам па краіне іх нельга лічыць законнымі, мяркуе заяўнік.
Улічваючы прыведзеныя факты, Алесь Дзергачоў падкрэслівае, што суму, адвольна ўстаноўленую не адпавядаючым Канстытуцыі і міжнародным прававым актам Дэкрэтам ад 02.04.2015 №3 мяркуема незаконна абранага прэзідэнта, выплачваць ён не бачыць падстаў.
Сваю скаргу праваабаронца завяршае патрабаваннем прызнаць дзеянні інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Смаргонскім раёне па спагнанні з яго збора на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў незаконнымі. Ён просіць пры разглядзе скаргі кіравацца пералічанымі ў тэксце скаргі нормамі Канстытуцыі і міжнародных прававых актаў, а па выніках разгляду паставіць ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнанні Дэкрэта прэзідэнта ад 02.04.2015 №3 неканстытуцыйным.