viasna on patreon

Дзярждэпартамент ЗША пра правы чалавека ў Беларусі: “Улады дзейнічалі з поўнай беспакаранасцю на ўсіх узроўнях”

2017 2017-03-09T15:01:59+0300 2017-03-13T12:38:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/america.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзярждэпартамент ЗША

Дзярждэпартамент ЗША

У штогадовым дакладзе Дзярждэпартамента ЗША аб захаванні правоў чалавека ў 2016 годзе адзначаецца, што улады Беларусі дзейнічалі з поўнай беспакаранасцю на ўсіх узроўнях і былі не ў стане зрабіць захады па судовым пераследзе або пакаранні службовых асобаў з дзяржаўных органаў або сілаў бяспекі, якія здзяйснялі парушэнні правоў чалавека.

Прысвечаны Беларусі раздзел налічвае 56 старонак з поўным пералікам фактаў парушэння правоў чалавека ў краіне.

Выбарчыя правы

Беларусь з'яўляецца аўтарытарнай дзяржавай. З моманту свайго абрання на пасаду прэзідэнта ў 1994 годзе, Аляксандр Лукашэнка ўмацоўваў сваю ўладу над усімі інстытутамі ўлады і парушаў асновы вяршэнства закона аўтарытарнымі сродкамі, у тым ліку праз маніпуляцыі на выбарах і адвольныя дэкрэты. Усе наступныя прэзідэнцкія выбары не адпавядалі міжнародным стандартам.

На прэс-канферэнцыі па выніках назірання за парламенцкімі выбарамі 2016 года мясцовыя праваабарончыя групы ПЦ “Вясна” і Беларускі Хельсінкскі камітэт заявілі, што выбары не адпавядалі міжнародным стандартам, а таксама нацыянальнаму заканадаўству. Яны асабліва адзначылі сваю заклапочанасць у сувязі з працэдурай датэрміновага галасавання, адсутнасцю празрыстасці ў працэсе падліку галасоў, а таксама панаваннем праўрадавыя арганізацый у складзе выбарчых камісій.

Найбольш значнымі праблемамі ў галіне правоў чалавека па-ранейшаму заставаліся: немагчымасць выбіраць кіраўніцтва краіны шляхам выбараў; парушэнні ў сістэме, пазбаўленай стрымак і процівагаў; правы былых палітычных зняволеных заставаліся ў значнай ступені абмежаванымі, у той час як улады не здольныя растлумачыць выпадкі палітычна матываваных знікненняў.

Адвольныя затрыманні і ўмовы ўтрымання

Іншыя праблемы ў галіне правоў чалавека ўключалі парушэнні з боку спецыяльных службаў, якія, як паведамляецца, ужывалі жорсткае абыходжанне супраць падазраваных у ходзе следства і ў дачыненні да зняволеных. Умовы ўтрымання ў турмах заставаліся дрэннымі. Улады адвольна затрымлівалі, арыштоўвалі і заключалі ў турму грамадзянаў за крытыку службовых асобаў, удзел у дэманстрацыях, а таксама з іншых палітычных прычынаў.

Нягледзячы на шматлікія запыты, дасланыя ў Міністэрства ўнутраных справаў і Міністэрства юстыцыі, чыноўнікі па-ранейшаму адмаўляліся сустракацца з праваабаронцамі і не задавальнялі просьбы НДА аб наведванні следчых ізалятараў і турмаў. У адказ на ліст Паўла Сапелкі з праваабарончай арганізацыі “Вясна” Дэпартамент выканання пакаранняў МУС напісаў, што наведванне месцаў несвабоды і кантроль умоваў утрымання з’яўляюцца “немэтазгоднымі”.

Судовая сістэма зазнавала палітычнае ўмяшанне і адсутнасць незалежнасці; вынікі судоў часта былі перадвызначаныя, а самі пасяджэнні адбываліся за замкнёнымі дзвярыма або ў адсутнасць абвінавачанага.

Мясцовыя праваабарончыя арганізацыі апублікавалі некалькіх розных спісаў палітычных зняволеных. Сярод іх былі людзі, якім былі прад'яўленыя крымінальныя абвінавачванні, а таксама тыя, якія ўжо знаходзіліся ў зняволенні. Вядучыя мясцовыя праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку ПЦ “Вясна” і Беларускі Хельсінкскі камітэт, прызналі гэтых асобаў вязнямі сумлення або адзначалі сур'ёзныя парушэнні ў выніку працэсаў, якія, паводле праваабаронцаў, патрабавалі, па меншай меры, перагляду справаў.

Пераслед і ціск на грамадзянскую супольнасць

Улады парушалі правы на недатыкальнасць прыватнага жыцця. Улады абмяжоўвалі грамадзянскія свабоды, у тым ліку свабоду слова, друку, сходаў, асацыяцыі і рэлігіі. Урад працягваў перашкаджаць або прадухіляць дзейнасць некаторых рэлігійных груп, часам штрафуючы іх або перашкаджаючы іх сходам. Праблемай заставалася карупцыя ва ўсіх галінах улады. Улады пераследавалі праваабарончыя групы, няўрадавыя арганізацыі і палітычныя партыі, адмаўляючы ім у рэгістрацыі, а потым пагражаючы ім крымінальным пераследам за ажыццяўленне дзейнасці без рэгістрацыі.

Улады пераследавалі як зарэгістраваныя, так і незарэгістраваныя праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку шляхам частых праверак і пагрозаў пазбаўлення рэгістрацыі, адсочвання іх карэспандэнцыі і тэлефонных размовах, а таксама праз ціск на членаў сем'яў кіраўнікоў арганізацыі і актывістаў. Улады ігнаравалі справаздачы праваабарончых НДА і рэдка сустракаліся з імі. Дзяржаўныя СМІ не асвятлялі дзейнасць праваабарончых НДА.

Дзве вядомыя праваабарончыя НДА — Беларускі Хельсінкскі камітэт і Цэнтр прававой трансфармацыі — захавалі дзяржаўную рэгістрацыю. Улады адмаўляліся рэгістраваць іншыя арганізацыі, што па-ранейшаму пагражала ім крымінальным пераследам за арганізацыю або ўдзел у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Закон таксама забараняе асобам дзейнічаць ад імя незарэгістраваных НДА. Тым не менш, шматлікія незарэгістраваныя НДА, у тым ліку ПЦ “Вясна”, Камітэт па абароне рэпрэсаваных “Салідарнасць” і Прававая дапамога насельніцтву, працягвалі дзейнічаць без рэгістрацыі.

Іншыя праблемы

Сярод іншых праблемаў былі гвалт і дыскрымінацыя ў адносінах да жанчын, як і гвалт у адносінах да дзяцей. Захоўвалася праблема гандалю людзьмі, у тым ліку прымусовая праца на дзяржаўным узроўні, хоць ідэнтыфікацыя і абарона ахвяраў некалькі палепшылася. Адбывалася дыскрымінацыя ў дачыненні да лесбіянак, геяў, бісэксуалаў, транссэксуалаў і інтэрсэксуальных асобаў (ЛГБТІ); асобаў з абмежаванымі магчымасцямі; рома і іншых этнічных меншасцяў; асобаў, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам; а таксама тых, хто імкнецца выкарыстоўваць беларускую мову. Улады пераследавалі і час ад часу звальнялі сябраў незалежных прафсаюзаў на дзяржаўных прадпрыемствах, сур'ёзна абмяжоўваючы магчымасьці працоўных ствараць і ўступаць у незалежныя прафсаюзы, а таксама арганізоўваць і весці калектыўныя перамовы. Акрамя таго, улады выкарыстоўвалі розныя віды прымусовай працы.

Выкананне Беларуссю міжнародных абавязальніцтваў

24 кастрычніка намесніца міністра замежных справаў Алена Купчына паведаміла, што ўрад прыняў нацыянальны план дзеянняў у галіне правоў чалавека, і апісала яго як “палітычны дакумент і свайго роду дарожную карту, якая акрэсліла асноўныя напрамкі дзейнасці для рэалізацыі нашых міжнародныя абавязальніцтваў” у галіне правоў чалавека. Улады апублікавалі “Міжведамасны план па рэалізацыі рэкамендацыі Універсальнага перыядычнага агляду на 2016-2019 гг.” 25 кастрычніка 2016 года.

У той час як незалежныя праваабарончыя групы, у тым ліку Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Беларускі Хельсінкскага камітэт (БХК), віталі прыняцце гэтага плана, яны таксама з заклапочанасцю адзначылі, што ў дакуменце не хапае канкрэтных задачаў або механізмаў ацэнкі вынікаў. Яны адзначылі, што ўрад не здолеў уключыць ніводную з канкрэтных прапановаў арганізацый грамадзянскай супольнасці, зробленых у ходзе распрацоўкі плана, якія, на іх думку, зрабілі б план больш істотным.

У сваю чаргу, пастаянная камісія па правах чалавека ў ніжняй палаце парламента была неэфектыўнай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства