Бяроза: Два суды чакаюць Аляксандра Кабанава
Каардынатара “Марша недармаедаў” па Берасці і актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Кабанава 9 сакавіка чакае адразу два адміністрацыйныя працэсы. Супраць яго ўзбудзілі справу па арт 17.1 КаАП – дробнае хуліганства, якое нібыта ўчыніў актывіст раніцай 2 сакавіка. Яе будзе разглядаць суд Бярозаўскага раёна ў 16 гадзін. А ў 16-30 пачнецца наступны суд – за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Пратакол правапарушэння быў складзены па арт. 23.34 КаАП за Марш недармаедаў у Берасці 26 лютага.
Позна ўвечары 5 сакавіка Аляксандр Кабанаў быў забраны з дому міліцыяй, і сувязь з ім практычна спынілася адразу. Усе чакалі яго ў Берасці на судзе а 12 гадзіне. Але Аляксандра туды не прывезлі. Ён суткі прабыў у ізалятары часовага ўтрымання ў Бярозе, а потым яго даставілі ў суд Бярозаўскага раёна, адкуль пазней адпусцілі да суда.