viasna on patreon

У брэсцкім ізалятары адмаўляюцца прымаць перадачу з ежай для затрыманага

2017 2017-03-07T17:44:40+0300 2017-03-08T23:08:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/raus-akno.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

7 сакавіка маці затрыманага на суткі анархіста Дзмітрыя Ляўчука патэлефанавала ў ІЧУ Ленінскага РАУС г. Брэста, каб даведацца пра ўмовы, на якіх можна аддаць перадачу свайму сыну. Жанчыне адказалі, што для адміністрацыйна арыштаваных прымаюць толькі вопратку і гігіенічныя прылады, а ежу – толькі пасля таго, як будзе аплочана ўтрыманне ў ізалятары.

Дзяжурная ІЧУ патлумачыла гэта абмежаванне тым, што ў ізалятары арганізавана харчаванне, а таксама дадала, што шмат хто пасля вызвалення не аплочвае сваё ўтрыманне.

Юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначыў, што практыка, якая склалася ў ІЧУ, з’яўляецца незаконнай і патрабуе абскарджвання:

“У главе 6 Пастановы МУС №313, якая вызначае парадак атрымання і дагляду перадач, утрымліваецца спіс падстаў, на якіх перадача можа быць не прынятая. І ў гэтым спісе абмежаванняў няма пункту аб тым, што перадача, у тым ліку і прадукты харчавання, не прымаецца пры адсутнасці аплаты за ўтрыманне. Таму можна канстатаваць, што дзеянні супрацоўнікаў ІЧУ Ленінскага РАУС носіць незаконны характар, і я прапаную абскарджваць іх у гарадскім УУС альбо звярнуцца ў пракуратуру для правядзення праверкі”.

Нагадаем, 6 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Брэста разглядаліся адміністрацыйныя справы затрыманых напярэдадні чатырох прадстаўнікоў анархісцкага руху, якія бралі актыўны ўдзел у Маршы недармаедаў. У выніку судовых паседжанняў трое з іх, у тым ліку і Дзмітрый Ляўчук, атрымалі пяць сутак арышту, яшчэ адзін – чацвёра сутак па ч.1 арт. 23.34 КаАП. Абвінавачванні па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) былі знятыя за недаказанасцю віны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства