Асабісты дагляд, вайскоўцы з сабакамі і нахабства праваахоўнікаў – беларускія назіральнікі пра марш памяці Нямцова Фота Аўдыё
Валанцёры “Вясны” па запрашэнні расійскай Аб’яднанай групы грамадскага назірання ўдзельнічалі ў маніторныгу марша памяці палітыка Барыса Нямцова ў Маскве. Чым гэтая акцыя запомнілася беларускім назіральнікам, распавядае актывістка ініцыятывы #ControlBY Анісія Казлюк.
Падчас вулічнага шэсця 26 лютага ў расійскай сталіцы, якое сабрала каля 15 тысяч чалавек, беларускія назіральнікі асабліва звярталі ўвагу на тыя моманты, што выклікаюць шмат нараканняў падчас акцый у Мінску.
На думку назіральнікаў, галоўнай асаблівасцю маршу была ахова мерапрыемства. Ахова ажыццяўлялася Войскамі нацыянальнай гвардыі РФ – вайсковай арганізацыі, у якую ў мінулым годзе пераўтварылі Унутраныя войскі МУС. Нацгвардыя не падпарадкоўваеццы закону “Аб паліцыі” і дзейнічае па сваіх інструкцыях. Гэта поўнасцю ананімныя людзі, якія носяць форму АМАПу і паліцыі, бо агульнай формы ў іх яшчэ няма. Пры кожнай спробе задаць ім пытанні, яны перанакіроўвалі нас у свой прэс-цэнтр і далей адмаўляліся з намі размаўляць. Такіх людзей было каля 300 чалавек.
Звычайных паліцэйскіх у форме і з бэйджамі было значана менш. Цікава, што кіраўніцтва паліцыі не носіць ні жэтонаў, ні бэйджаў, пазнаць іх магчыма было толькі па пагонах, і яны таксама адмаўляліся ісці з намі на кантакт.
Па словах назіральніцы, каб трапіць на марш, спачатку трэба было прайсці праз металічныя рамкі, пасля чаго кожны ўдзельнік праходзіў яшчэ і асабісты дагляд.
Прадстаўнікі нацгвардыі вельмі старанна даглядалі рэчы людзей, прымушалі іх распранацца, спасылаючыся на тое, што тыя пад верхнім адзеннем могуць пранесці расцяжкі. Мужчыны-ахоўнікі даглядалі жанчын. Таксама на ўваходзе стаяла “цэнзурная” палатка, дзе асобна даглядалі расцяжкі і плакаты. Некаторыя з іх прапускалі, некаторыя – не. Напрыклад, у першую гадзіну не пускалі ўкраінскія сцягі.
Дзесьці ў палову чацвёртай, праз паўтары гадзіны пасля пачатку, людзей перасталі пускаць на марш. Аднак арганізатары і назіральнікі змаглі растлумачыць паліцыі, што такімі дзеяннямі яны парушаюць права грамадзян на мірныя сходы, і праз 20 хвілін людзей усё ж запусцілі.
Увесь маршрут, па якім павінна была прайсці калона, быў агароджаны металічным плотам. Звычайныя паліцэйскія стаялі за ім і трымалі сабак у намордніках. Вайскоўцы нацгвардыі з дубінкамі і іншымі спецсродкамі ішлі разам з калонай: хтосьці па баках, хтосьці ўнутры, побач з удзельнікамі маршу. Шмат хто з іх трымаў сабак без наморднікаў, якія лаялі адзін на адно, то бок паводзілі сябе неадэкватна. Пры гэтым удзельнікі маршу паводзілі сябе мірна, ніякіх рэвалюцыйных настрояў заўважана не было. Уся гэтая сітуацыя выглядала вельмі дзіўна, і нават назіральнікі з Масквы адзначылі, што раней не было такога нахабства з боку праваахоўных органаў.
Па словах валанцёркі “Вясны”, з пазітыўнага ў дзеяннях ахоўнікаў можна было адзначыць хіба што нядопуск на акцыю контрдэманстрантаў з арганізацыі “Серп”, такім чынам яны спрабавалі пазбегнуць правакацый. Таксама яна адзначыла добрую працу арганізатараў падчас акцыі: усе яны былі пазначаны бэйджамі, каб іх проста было адшукаць у агульнай плыні людзей, і, у адрозненні ад прадстаўнікоў праваахоўных органаў, адказвалі на пытанні назіральнікаў.