На мяжы затрымалі кнігі навукоўца Віктара Корбута
21 лютага прыкладна а 15 гадзіне на памежным пераходзе Дамачава памежнікі затрымалі Аляксандра, сябра гісторыка Віктара Корбута, які, сярод іншага, вёз кнігі з сэрыі «Бібліятэка Свабоды»: тры кнігі Сяргея Навумчыка і «Майстроўня» Сяргея Дубаўца і «Жывая мова» Юрася Бушлякова.
Радыё Свабода піша: Памежнікі сказалі Аляксандру, што ў іхнім сьпісе такіх кніг няма.
«Але памежнікі сказалі: гэта не азначае, што гэты сьпіс поўны. Каб вызначыць, ці ёсьць у іх экстрэмізм, гэтыя кнігі забіраюць для экспэртызы. Потым гэтая экспэртыза прачытае гэтыя кнігі і зробіць заключэньне. На мяжы склалі пратакол і затрымалі сябра на 24 гадзіны для высьвятленьня, ці маюць кнігі экстрэмісцкі зьмест. Сябру яшчэ як мінімум 6 гадзін трэба знаходзіцца на мяжы. Яго машыну паставілі на агароджаную стаянку», — сказаў Віктар Корбут.
Паводле Віктара Корбута, у Аляксандра было каля 15 розных кніг: падручнік беларускай мовы, кнігі па гісторыі Беларусі, выданьні «Arche», кнігі Сяргея Навумчыка і Сяргея Дубаўца зь «Бібліятэкі Свабоды».
«Кожная кніга ў адным экзэмпляры. На кожнай зь іх пячатка „Кнігазбор Віктара Корбута“. Гэтыя кнігі належаць мне. Я часта прашу прывезьці мне зь Беларусі кнігі ў Варшаву і перадаю штосьці ў Беларусь: беларускія, польскія, літоўскія, расейскія кнігі. Я дактарант Варшаўскага ўнівэрсытэту. Я перадаў сябру гэтыя кнігі, ведаючы, што ён іх ня згубіць і перадасьць маім сваякам. У кнігах няма экстрэмізму: гэта навуковыя выданьні, мэмуарная літаратура», — кажа Віктар.
Віктар Корбут сказаў, што яму як навукоўцу такая сытуацыя стварае непераадольныя цяжкасьці для працы.
«Бо фактычна я мушу асьцерагацца, што любая кніга, якую я перадам у Беларусь або папрашу прывезьці зь Беларусі, будзе падпадаць пад падазрэньне ў экстрэмізьме. Цікава, што на мяжы сказалі, што кніг няма ў сьпісе экстрэмісцкай літаратуры, але іх будуць правяраць. Такім чынам, фармальна кнігі павінны былі вярнуць і папрасіць прабачэньня за затрыманьне».