Алену Луцковіч пакаралі штрафам у 15 базавых
У судзе Акцябрскага раёна (Гомельская вобласць) 17 лютага завяршыўся разгляд адміністрацыйнага пратакола, складзенага міліцыянерамі ў дачыненні да актывісткі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Алены Луцковіч.
Месяц таму, 17 студзеня, яна разам з блогерам Андрэем Павуком праводзіла апытанне мясцовых жыхароў, што міліцыя расцаніла як дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КоАП).
Па інфармацыі сайта АГП, Луцковіч, згодна з міліцэйскім пратаколам, "наўмысна, беспадстаўна, неаднаразова спыняла і прыставала да грамадзян, патрабавала адказаць на яе пытанні, на просьбы грамадзян адстаць не рэагавала, чым парушыла грамадскі парадак і спакой грамадзян".
Актывістка АГП і блогер здымалі сюжэт для супольнасці ў сацыяльнай сетцы "Рудабельская паказуха". Яны хацелі пачуць меркаванне мясцовых жыхароў пра выбары — наколькі яны сумленныя і справядлівыя.
Суддзя Людміла Гормаш 17 лютага вынесла рашэнне аб тым, што Луцковіч вінаватая ў дробным хуліганстве, бо "наўмысна, беспадстаўна, назойліва, неаднаразова спыняла і чаплялася да грамадзян, патрабавала адказаць на яе пытанні, на просьбы грамадзян пакінуць іх у спакоі не рэагавала". Лідар "Маладых дэмакратаў" віну не прызнала і для абгрунтавання сваёй невінаватасці падала відэазапіс апытання. Відэа суд не прыняў да ўвагі, бо "запіс з перапынкамі, зафіксаваны ў дачыненні да кожнага грамадзяніна асобна, такім чынам, не з'яўляецца поўнай фіксацыяй".
Луцковіч пакараная штрафам у 15 базавых велічынь (345 рублёў).
17 студзеня ў міліцыю патэлефанаваў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай працы райвыканкама Сяргей Зарычны. Ён заўважыў на цэнтральнай плошчы Андрэя Павука і Алену Луцковіч, якія "рабілі нейкае апытанне грамадзян", і вырашыў, што яны парушаюць грамадскі парадак.
Міліцыя апытала трох работнікаў райвыканкама, да якіх быццам бы прыставала Луцковіч. Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай працы Таццяна Семянец, начальнік упраўлення па працы, занятасці i сацыяльнай абароне Таццяна Габінетава і галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва Ірына Дулуб напісалі, што пасля "назойлівых чаплянняў" Луцковіч быў парушаны іх эмацыйны спакой, што паўплывала на ажыццяўленне працоўнай дзейнасці.
Габінетава паскардзілася ў міліцыю, што Луцковіч "рэзкім рухам" заступіла ёй "рух на працу ў будынак РВК" і стала "піхаць" ёй у твар мікрафон.
Актывістка расцэньвае дзеянні мясцовых міліцыі, чыноўнікаў і суда як пераслед паводле палітычных матываў.
"Абсурдная і смешная сітуацыя, з аднаго боку, і сумная — з іншага. Чыноўнікі ў нас як каста недатыкальных, да іх нельга падыходзіць, нельга задаваць пытанні. З іншага боку, у іх вельмі слабая псіхіка, раз пасля аднаго пытання аб выбарах яны страцілі эмацыйны спакой і не здолелі працаваць", — пракаментавала рашэнне суда Луцковіч.
Яна лічыць, што спакой чыноўнікаў парушыла пытанне аб выбарах, бо многія работнікі райвыканкама засядаюць ва ўчастковых і акруговых камісіях і "каму, як не ім, ведаць пра фальсіфікацыі".
Актывістка АГП будзе абскарджваць рашэнне суда ў вышэйшай інстанцыі.