Марш абураных беларусаў Дапоўнена
17 лютага ў цэнтры Менска пройдзе акцыя супраць дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Яго арганізатары – Беларускі нацыянальны кангрэс і незалежныя прафсаюзы – плануюць перадаць уладам рэзалюцыю са сваімі патрабаваннямі.
Збор удзельнікаў маршу запланаваны ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска. На пачатку акцыі адбудзецца «народны сход, на якім будуць прыняты патрабаванні да ўлады і вызначаны тэрміны іх выканання». Сам марш, паводле Мікалая Статкевіча, пройдзе па праспекце Незалежнасці да будынка Міністэрства па падатках і зборах. Там удзельнікі акцыі выкажуць стаўленне да дэкрэту № 3 і прымуць рашэнне пра свае дзеянні, калі ўлада «не пойдзе насустрач патрабаванням народа».
За некалькі гадзін да пачатку акцыі стала вядома аб прэвентыўных затрыманнях грамадзян, якія мелі намер прыняць удзел у маршы. Так, на выездзе з Полацка супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі спынены аўтамабіль з чатырма удзельнікамі маршу 17 лютага, сярод якіх кіраўнік суполкі прафсаюза „Салідарнасьць” з Полацка Генадзь Бердзянёў. Іх даставілі ў аддзяленне міліцыі, дзе яны даюць тлумачэнні. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў лідар БХД Павел Севярынец.
Па стане на 18-00 на плошчы сабраліся больш за 500 ўдзельнікаў. На прыступках Палаца рэспублікі сабралася група моладзі, якая трымае расцяжкі “Хто галоўны дармаед? Прэзідэнт”, “Вось вам, а не падатак!”, а таксама чорныя сцягі анархісцкага руху. Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў знаходзяцца ў цэнтры Плошчы, вакол іх - сотні людзей.
Удзельнікі мітынгу скандуюць: «Не — Дэкрэту №3», «Жыве Беларусь», «Не бойцеся!». Міліцыя пакуль ніякіх дзеянняў не ажыццяўляе. Колькасць людзей на плошчы павялічылася да 700 чалавек.
#control_by паведамляе, што па стане на 18:15 у акцыі ўдзельнічае прыкладна каля 1500 чалавек.
Удзельнікі акцыі аднагалосна прагаласавалі за рэзалюцыю з патрабаваннем да ўладаў "адмяніць ганебны дэкрэт № 3" Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства ", спыніць зніжэнне рэальных даходаў насельніцтва, абкраданне пенсіянераў, павышэнне пенсіённага ўзросту, рост платы за камунальныя паслугі, а таксама вярнуць народу свабодныя, справядлівыя выбары ".
У 18-30 калона пад музыку рушыла па праспекце Незалежнасці, некаторыя выходзяць на праезную частку. Назіральнікі называюць лічбу ў 3000 ўдзельнікаў. Мітынгоўцы не падпарадкоўваюцца патрабаванням супрацоўнікаў ДАІ і пераходзяць вуліцы на чырвонае святло.
У 19-15 Мікалай Статкевіч абвясціў пра завяршэнне акцыі.