Раман Юргель адстойвае права на перасылку карэспандэнцыі Андрэю Бандарэнку
Гарадзенскі праваабаронца Раман Юргель накіраваў скаргу на імя начальніка Упраўлення дэпартаменту выканання пакаранняў МУС па Магілёўскай вобласці палкоўніка Уладзіміра Скамароха. У ёй ён піша, што раней атрымаў на сваю заяву начальніку Магілёўскай турмы №4 нематываваны адказ.
Як паведамляе “Гарадзенская Вясна”, скарга Юргеля датычыла неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў згаданай турэмнай установы.
10 студзеня бягучага году Раман Юргель паслаў праз пошту ліст у канверце ў Магілёўскую турму на імя зняволенага Андрэя Бандарэнкі. У пасланне былі ўкладзены раздрукоўкі з вядомых інтэрнэт-сайтаў з заявай сямі праваабарончых арганізацый у падтрымку Бандарэнкі, царкоўны праваслаўны каляндар, а таксама 6 чыстых канвертаў. Аднак гэтая карэспандэнцыя вярнулася праз восем дзён у распячатаным выглядзе і з адзнакай цэнзара, што “распечатки не положены”.
Пасля гэтага Юргель накіраваў скаргу на імя начальніка Магілёўскай папраўчай установы “Турма №4” падпалкоўніка А. Дмітрова, атрымаўшы адтуль праз нейкі час адмову і пацверджанне правамоцнасці дзеянняў супрацоўнікаў турмы, якія не перадалі Андрэю Бандарэнку дасланы ліст. Дмітроў афіцыйна адказаў так:
“…Письмо, поступившее от Вас 12.01.2017 осужденному Бондаренко А.В., возвращено в связи с тем, что в нем находились распечатанные страницы текста заявления с сайта социальных сетей, а также календарь с элементами металлического крепления.
На основании ст.45 главы 7 постановления Совета министров Республики Беларусь от 07.09.2004 (ред. от 31.12.2014) № 1111 «Об утверждении Правил оказания услуг почтовой связи общего пользования» печатные средства массовой информации и другая печатная продукция пересылается только в простых и заказных бандеролях.
На основании ст. 12 Уголовно-исполнительного кодекса Республики Беларусь осужденные могут приобретать предметы культа и религиозную литературу и пользоваться ими.
В соответствии с п. 129 Правил внутреннего распорядка исправительных учреждений ДИН МВД Республики Беларусь осужденным дополнительно может быть разрешено получение не более двух раз в год бандеролей с литературой.
Осужденный Бондаренко А.В. с заявлением на получение бандероли с литературой и приобретение предметов культа и религиозной литературы не обращался”.
Раман Юргель катэгарычна нязгодны з такой трактоўкай заканадаўства. Ён лічыць, што ліст Бандарэнку дасылаўся законна, простым лістом, згодна арт. 43 главы 7 Пастановы Савету міністраў Рэспублікі Беларусь ад 07.09.2004 (рэд. ад 31.12.2014) “Аб зацвярджэнні Правілаў паслугаў паштовай сувязі агульнага карыстання”. Там сказанае наступнае:
“В простых и заказных письмах пересылаются письменные сообщения, деловые бумаги, фотографии, художественные открытки, печатные рекламно-информационные материалы, схемы и другие”.
Таму, лічыць Раман Юргель, дадзены ліст не падлягаў адпраўцы бандэроллю, як сказана з адказе падпалкоўніка А.Дмітрова. Царкоўны жа каляндар жа быў змацаваны звычайнай друкарскай сашчэпкай, якую пры патрэбе можна было дастаць. Тэкст выдрукаванай заявы не парушае заканадаўства, а значыць цэнзар перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы. Юргель сцвярджае, што персанал Магілёўскай турмы парушыў не толькі маральныя нормы, але і артыкул 31 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і арт. 18 Міжнароднага пакта па грамадзянскіх і палітычных правах.
Раман Юргель просіць правесці службовую праверку і прыняць дысцыплінарныя меры да парушыўшых заканадаўства супрацоўнікаў турмы, выслаць службовую інструкцыю, на падставе якой ажыццяўляецца цэнзура, а таксама перадаць гэтую заяву Андрэю Бандарэнку.