Скаргі асуджанага не выходзяць з калоніі, пракуратура «папівае гарбатку»
Да юрыста Праваабарончага цэнтра "Вясна" Паўла Сапелкі звярнуўся зняволены папраўчай калоніі №13 г. Глыбокае Ігар Міхнавец, які ў лісце паведаміў, што яго звароты ў дзяржаўныя органы не выходзяць за межы ўстановы, дзе ён адбывае пакаранне.
Павал Сапелка ў сувязі з гэтым звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з просьбай прыняць меры пракурорскага рэагавання па факце парушэння правоў асуджанага, прадугледжаных крымінальна-выканаўчым заканадаўствам.
Пасля гэтага намеснікам пракурора Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці ў калоніі быў праведзены асабісты прыём Ігара Міхнаўца, ад зняволенага была прынята пісьмовая заява і арганізаваны яе разгляд.
Аднак, Ігар Міхнавец застаўся такой гутаркай вельмі незадаволены і зараз адправіў скаргу на бяздзейнасць намесніка пракурора Глыбоцкага раёна ў Генеральную пракуратуру.
У ёй асуджаны адзначыў, што 26 снежня 2016 года яго вывелі з ШІЗА, дзе ён адбываў пакаранне ў 30 сутак, на размову з прадстаўніком пракуратуры, які назваўся намеснікам пракурора Глыбоцкага раёна. Камунікацыя адбывалася ў прысутнасці намесніка начальніка калоніі па ВАП Брахуна А.У. Слухаючы скаргі Ігара Міхнаўца, намеснік пракурора разам з намеснікам начальніка калоніі папіваў гарбатку ўпрыкуску з шакаладнымі цукеркамі.
«Намеснік пракурора заслухаў мае довады аб тым, што кіраўніцтва ўстановы сістэматычна перавышае службовыя паўнамоцтвы, незаконна рэгулюючы адпраўленне зваротаў асуджаных у дзяржаўныя органы, у тым ліку ў органы пракуратуры, падвяргаючы такія звароты цэнзуры і ацэнцы, выбрана вырашаючы, якія са зваротаў могуць быць накіраваныя адрасату, а якія з вуснай адмовай вяртаюцца заяўніку, пасля чаго такі асуджаны падвяргаецца розным формах жорсткага абыходжання і як следства - змяшчаецца ў ШІЗА. Аднак, ён адмовіўся паглядзець неадпраўленыя звароты і ўзяць на асабісты кантроль дзеянні адміністрацыі калоніі, заявіўшы, што ён не паштальён», - піша Ігар Міхнавец.
Ён адзначае, што раней аналагічны выпадак разбіраў пракурор Віцебскай вобласці Пашкоўскі, у выніку чаго некаторыя заявы асуджанага ўсё ж такі былі адпраўленыя дзяржорганам. Аднак, у цяперашні час сітуацыя з неабгрунтаванымі адмовамі ў адпраўцы зваротаў паўтараецца.
«Я паведаміў намесніку пракурора, што па прычыне парушэння заканадаўства кіраўніцтвам калоніі, незаконнай канфіскацыі працэсуальных гарантый асуджанага, я вымушаны адмаўляцца ад усіх патрабаванняў, якія мне высоўваюцца, і калі за такія адмовы, і як следства - парушэнні, я шчыра адбываю пакаранне, то патрабую ад органаў пракуратуры, каб без усялякіх прывілеяў і пераваг перад законам службовыя асобы ПУ "Папраўчая калонія №13» адказалі за свае парушэнні заканадаўства», - адзначае асуджаны.
На гэта Ігару Міхнаўцу было прапанавана напісаць заяву, якая было прынята і разгледжана пракуратурай. У адказе за подпісам пракурора Глыбоцкага раёна Валынца І.С. ад 6 студзеня 2017 года паведамлялася, што довады асуджанага не знайшлі свайго пацверджання.
«Лічу падобны адказ цынічнай адпіскай, а дзеянні пракуратуры Глыбоцкага раёна накіраванымі на пакрывальніцтва парушэнняў заканадаўства ў сілу сямейнасці і іншых не працэсуальных ўзаемаадносін з работнікамі папраўчай установы», - піша ў скарзе Ігар Міхнавец.
Ён просіць Генеральную пракуратуру прыняць меры пракурорскага рэагавання і садзейнічаць у рэалізацыі права накіравання паштовых адпраўленняў ў дзяржаўныя органы.