Праваабаронцы: Важна, што Беларусь застаецца на парадку дня ЕС Фота
7 лютага ў Бруселі працягнуліся сустрэчы праваабаронцаў ПЦ “Вясна”, FIDH, спецдакладчыка ААН па Беларусі і маці расстралянага паводле прысуду Уладзіслава Кавалёва з прадстаўнікамі Еўрапейскага Саюза. Ключавое пытанне для абмеркавання - смяротнае пакаранне.
Сённяшні дзень для Валянціна Стэфановіча, Андрэя Палуды, Сашы Кулаевай, Міклаша Харасці і Любові Кавалёвай распачаўся з брыфінгу з прадстаўнікамі амбасадаў еўрапейскіх краінаў пры Еўрасаюзе і дзвюх рабочых групаў Еўрасаюза – па правах чалавека (COHOM) і па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі (COEST). Мерапрыемства, арганізаванае FIDH, праходзіла ў дыпмісіі Рэспублікі Чэхія.
Праваабаронцы абмеркавалі з прадстаўнікамі ЕС актуальныя праблемы, па якіх вядуць працу, і прадставілі даклад FIDH і “Вясны” “Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах”.
“На брыфінгу былі прадстаўленыя фактычна ўсе краіны ЕС - на ўзроўні амбасадараў альбо сакратароў амбасадаў. І дыскусія была даволі шырокая. Гаворачы пра агульную сітуацыю ў Беларусі, мы падкрэслілі, што ўлады працягваюць палітыку “мяккіх практык”, што ніякіх сістэмных зменаў, на жаль, не адбываецца і што мы чакаем ад уладаў канкрэтных крокаў, скіраваных на паляпшэнне становішча правоў чалавека ў нашай краіне. Якраз мараторый на смяротнае пакаранне мог бы стаць адным з важных крокаў у гэтым накірунку”, - коратка перадаў змест сустрэчы Валянцін Стэфановіч.
Пасля ў праваабаронцаў адбылася сустрэча са спецпрадстаўніком ЕС па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынідзісам і кіраўнікамі аддзела Усходняга Партнёрства і аддзела па правах чалавека Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
Любоў Кавалёва, як непасрэдная ахвяра выкарыстання смяротнага пакарання, таксама падчас усіх сустрэчаў заклікала прадстаўнікоў ЕС да непахіснай пазіцыі адносна выключнай меры пакарання ў Беларусі.
Маці Уладзіслава Кавалёва, права якой на атрыманне цела свайго сына і інфармацыі пра месца яго пахавання, паводле КПЧ ААН, парушыла Беларусь, казала пра гэтыя бесчалавечныя аспекты смяротнай кары на сустрэчах з заходнімі журналістамі і дэпутатамі Еўрапарламента, якія праходзілі 6 лютага. Тым часам у фае Еўрапарламента, дзе пасля слуханняў дэпутаты ў нефармальнай атмасферы маглі паразмаўляць з ёй і праваабаронцамі, з ініцыятывы FIDH экспанавалася фотавыстава “Вышэйшая мера”, якая распавядае пра пакуты маці расстраляных.
“Пасля нашага выступу ў Еўрапарламенце адбылася дыскусія, падчас якой дэпутаты пагадзіліся з адсутнасцю сістэмных зменаў у Беларусі і зазначылі, што ЕС у стасунках з беларускім урадам мусіць нязменна прытрымлівацца еўрапейскіх каштоўнасцяў. Заклікаючы да ўвядзення мараторыя, прадстаўнікі ЕС адзначаюць, што смяротнае пакаранне з’яўляецца непрымальным, тым больш у Еўропе”, - сказаў Валянцін Стэфановіч.
Праваабаронца падкрэсліў важнасць таго факту, што Беларусь застаецца на парадку дня ЕС, што сітуацыя з правамі чалавека ў нашай краіне, і ў прыватнасці смяротнае пакаранне, выклікае вялікую заклапочанасць еўрапейскай супольнасці.
Нагадаем, што 8 лютага праваабаронцы ПЦ “Вясна” і FIDH наведаюць Страсбург, дзе сустрэнуцца з прадстаўнікамі Савета Еўропы.