Юрыст "Вясны": Канфіскацыя маёмасці - гэта працяг рэпрэсій за права на мірныя сходы
Увечары 25 студзеня ў актывіста "Маладога фронту" Зміцера Дашкевіча судовыя выканаўцы канфіскавалі асабісты аўтамабіль. Прычынай сталі неаплачаныя штрафы Змітра Дашкевіча, якія былі накладзеныя на яго судом за ўдзел у шматлікіх мірных акцыях.
Сам актывіст прызнае, што паспеў аплаціць не ўсё з іх. У сярэднім за ўдзел у адной акцыі яго штрафавалі прыкладна на 1000 беларускіх рублёў. Аўтамабіль Змітра Дашкевіча, па дакументах судовых выканаўцаў, быў ацэнены ў 12 000.
Юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка лічыць:
"Накладанне адміністрацыйных спагнанняў за ажыццяўленне свайго права на мірны сход і свабоднае выказванне меркавання безумоўна супярэчыць міжнародным абавязкам Беларусі ў гэтай сферы. А канфіскацыя або вопіс маёмасці, якія ідуць за накладаннем спагнання і ўступленнем яго ў законную сілу, - працяг рэпрэсій за ажыццяўленне свайго законнага права".
Цяпер у Зміцера Дашкевіча ёсць 10 дзён на тое, каб абскардзіць дзеянні судовых выканаўцаў і вярнуць свой аўтамабіль.