Суд не задаволіў скаргі гарадзенскіх праваабаронцаў
У Гарадзенскім абласным судзе разглядаліся касацыйныя скаргі праваабаронцаў Уладзіміра Хільмановіча і Віктара Сазонава і актывіста БХД Сяргея Верамеенкі, паведамляе “Радыё Рацыя”.
Заяўнікі былі нязгодныя з адміністрацыйнымі штрафамі за ўдзел у Свіслацкім фэсце 2016, якія на іх наклаў суддзя Ленінскага раёна Гародні Дзмітрый Бубенчык. Цяпер жа суддзя абласнога суда Янкоўскі, які разглядаў скаргі, пакінуў рашэнне свайго папярэдніка без зменаў.
Кажа Уладзімір Хільмановіч пасля вынясення вердыкту:
Ніякага вяршэнства Канстытуцыі, ніхто не звяртае ўвагі. Сам факт нашай прысутнасці ў Свіслачы аўтаматычна расцэньваецца, як судом ніжэйшай інстанцыі, так і абласным, як удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Я звяртаў увагу абласнога суда, што беларусы дыскрымінуюцца яшчэ і па нацыянальнай прыкмеце, бо іншыя народы, палякі ўскладаюць кветкі на Дзяды, і гэта нармальна, расейцы можа там да Сталыпіна нясуць кветкі, савецкія людзі таксама маюць права ўскласці кветкі да помніка Леніну.
Як мяркуе іншы фігурант адміністрацыйнай справы, Віктар Сазонаў, судовыя рашэнні сведчаць пра тое, што ўлады Гарадзеншчыны не любяць праяваў беларускасці, нават калі гаворка ідзе пра ўшанаванне памяці выбітных беларусаў:
Канчаткова пераканаўся, што ўсё ж на Гарадзеншчыне ёсць нейкая высокая службовая асоба, якая не любіць беларускіх матываў. Я расцэньваю гэты пераслед як пераслед па нацыянальнай прыкмеце, бо ўжо ёсць прыклады нейкага пацяплення ў дачыненні да іншых акцыі, але ў дачыненні да таго, што робяць беларусы, калі яны ўшаноўваюць памяць сваіх герояў, дык гэта, скажам так, падвяргаецца вось такому вось пераследу.
Цяпер гарадзенскім актывістам нічога не застаецца, як працягнуць бараніць свае правы і даводзіць скаргі да Камітэта ААН па правах чалавека.
Нагадаем, што Уладзімір Хільмановіч, Віктар Сазонаў ды Сяргей Верамеенка былі аштрафаваны на сумы 840, 735 і 315 рублёў адпаведна.