viasna on patreon

Паралізаваны вязень: Тут акціруюць толькі смертнікаў, каму засталося вельмі мала…

2017 2017-01-19T14:03:39+0300 2017-01-19T14:17:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sanchastka-turma.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: Віктар Васенін

Фота: Віктар Васенін

Напалову паралізаванага зняволенага пасля менінгіту адпраўляюць з Рэспубліканскага шпіталя для асуджаных назад, у папраўчую калонію №22 “Воўчыя Норы”, дзе ён адбывае пакаранне. Пра гэта праваабаронцам паведаміла старшыня ініцыятыўнай групы па стварэнні СПГА “Рух маці 328” Ларыса Жыгар.

Зноў да вас звярнуцца прымусіла бяда. Гаворка пойдзе пра маладога хлопца, які, адбываючы пакаранне ў ПК-22 "Воўчыя Норы" па ч.3 арт.328, на зоне зарабіў серозны менінгіт. Адміністрацыя калоніі спрабавала схаваць гэты факт, але не атрымалася, бо хлопцу стала вельмі дрэнна.

Трыццацігадовага Кірыла Місюка асудзілі на 10 гадоў ў 2014 годзе па ч.3 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных рэчываў з мэтай збыту) з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Напрыканцы жніўня 2016 года пад час доўгатэрміновага спаткання з маці яму стала блага. Лекары далі таблетку ад галавы, аднак гэта не дапамагала. Хворага паклалі ў медчастку калоніі і толькі 8 верасня, калі  стан  моцна пагоршыўся, яго тэрмінова накіравалі ў цэнтральную гарадскую лякарню г. Івацэвічы. Досыць працяглы час – амаль месяц – Кірыл знаходзіўся ў коме, пасля выхаду з якой, у зняволенага паралізавала ніжнюю частку цела. Івацэвічскія дактары выдалі  заключэнне на шпіталізацыю ў Рэспубліканскі шпіталь для асуджаных, куды яго перавялі 17 лістапада. На момант напісання артыкула Кірыл яшчэ знаходзіўся там.

Кірыл Місюк.
Кірыл Місюк

Маці, Вользе Місюк,  дактары паабяцалі, што яе сын будзе вызвалены па рэкамендацыі лекараў ад далейшага адбыцця пакарання ў ПК-22. Аднак прыйшла адмова. Маці паведамілі, што па завяршэнні лячэння, Кірыл будзе адпраўлены адбываць тэрмін назад, у калонію, пад назіранне медыкаў.

Кірыл Місюк, упершыню за час хваробы, напісаў самастойна пісьмо маці з Рэспубліканскага шпіталя для асуджаных, у якім паведамляе, што вучыцца пасля комы нанава пісаць:

“Як бачыш, пішу сам :) Крыху крыва, але ўжо можна разабраць. Трэніруюся :) Як быццам упершыню ўзяў ручку. Цяпер магу сам пісаць на асабістыя тэмы. Калі дыктуеш, шмат не напішаш… Ну, што я магу напісаць. Палова цела ў мяне працуе нядрэнна, а вось з другой паловай пакуль глуха…”

 Ліст Кірылы Місюка да маці

З ліста Медыцынскай камісіі Міністэрства ўнутраных спраў РБ, накіраваным начальніку СІЗА№1 упраўлення ДВП МУС, вынікае, што Місюка К.Л. 26 лістапада 2016 года агледзеў урач-неўролаг Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі, які выставіў наступны дыягназ: менінгаміеліт неўдакладненага генезу, умераны парапарэз, ніжняя вялая параплегія (параліч абодвух ніжніх альбо верхніх канечнасцяў), парушэнне функцый тазавах органаў, трафічныя парушэнні.

“У сувязі з адсутнасцю у Місюка К. захворванняў, якія ўваходзяць у Пералік захворванняў, што перашкаджаюць далейшаму адбыццю пакарання, зацверджаным пастановай МУС і Міністэрства аховы здароўя №54/15 ад 16.02.2016 г., лічым, што яго захворванне не перашкаджае адбыццю пакарання”, – такую выснову зрабіла Медыцынская камісія.

Аднак, па словах сваякоў Місюка, калі ўважліва паглядзець на гэты “Пералік захворванняў…”, то нават неспецыяліст налічыць адразу некалькі пунктаў, згодна з якімі хворы Кірыл можа быць вызвалены ад далейшага адбыцця пакарання.

Толькі турэмныя медыкі чамусці палічылі інакш. На іх думку, напалову паралізаваны зняволены, можа працягваць адбываць пакаранне ў Івацэвічскай калоніі.

На гэты конт сам Кірыл Місюк паведамляе маці ў лісце наступнае:

"…Мне сказалі, што ўжо сабралі дакументы на акціроўку [датэрміновае вызваленне з месцаў пазбаўлення волі па стане здароўя. -Рэд.] Я, матуля, разумею, што шанцаў мала. Тут акціруюць смертнікаў, каму засталося вельмі мала…”

Вольга Місюк спадзяецца, што калі б сына вызвалілі ад адбыцця пакарання, то магчыма ў хатніх умовах ягонае здароўе можна было б аднавіць,  а накіраванне ў калонію напалову паралізаванага чалавека можа прывесці да непапраўных наступстваў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства