Суд Ленінскага раёну Гародні апраўдаў Сяргея Верамеенку
13 студзеня скончыўся разгляд адміністрацыйнай справы грамадскага актывіста Сяргея Верамеенкі. Па інфармацыі “Гарадзенскай Вясны”, справа расцягнулася ажно на тры судовыя паседжанні, урэшце суддзя Наталля Козел апраўдала Верамеенку, не знайшоўшы ў яго дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння.
Нагадаем, што ўвечары 22 снежня дахаты да Сяргея Верамеенкі наведаўся судовы выканаўца Яўген Панькоў, які імкнуўся апісаць маёмасць актывіста за нясплату штрафу. Сяргей Верамеенка даводзіў гэтаму выканаўцу, што ён працягвае аспрэчваць прысуджаныя яму штрафы ў судах вышэйшых інстанцый, аднак той працягваў настойваць на сваім і ўрэшце выклікаў міліцыю. Тады канфлікт, здаецца, удалося вырашыць, урэшце міліцыянты і судовы выканаўца з'ехалі. Пазней выявілася, што міліцыя па заяве "пацярпелага" Панькова склала пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне паводле артыкулу 23.4 КаАП - непадпарадкаванне службовай асобе.
На папярэднім паседжанні суддзя апытвала сведкаў - супрацоўнікаў міліцыі Івана Гука і Віталя Малея, а таксама ўчастковага міліцыянта Алякея Лукашыка. Іх сведчанні, асабліва Лукашыка, былі дастаткова блытанымі і ў цэлым на карысць Сяргея Верамеенкі. Стала відавочна, што судовы выканаўца, замест таго, каб загадзя патэлефанаваць альбо даслаць уведамленне Верамеенку пра тое, што пачалася судовая вытворчасць па спагнаннні штрафу, парушыў інструкцыю і маральныя нормы, без папярэджання адразу заявіўся ў кватэру Верамеенкі і пачаў апісваць маёмасць аштрафаванага. Да ўсяго высветлілася, што на той момант штраф ужо быў аплачаны. У такой сітуацыі суддзя Наталля Козел запатрабавала службовую інструкцыю судовага выканаўцы для прадстаўлення суду і перанесла заканчэнне разгляду адміністрацыйнай справы на пятніцу.
Падтрымаць Верамеенку на суд прыйшлі праваабаронцы, журналісты, а таксама яго паплечнікі па партыі БХД.