Скарга журналісткі Ларысы Шчыраковай зарэгістравана ў ААН
Індывідуальная скарга намесніка старшыні гомельскага аддзялення ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай аб парушэнні права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі зарэгістравана ў Камітэце ААН па правах чалавека (2911/2016). Пра гэта сайту "Гомельскай Вясны" паведаміў юрыст БАЖ Леанід Судаленка, які па даверанасці вядзе справу журналісткі ў міжнароднай інстанцыі.
Скарга тычыцца двух выпадкаў прыцягнення журналісткі да буйных грашовых штрафаў за працу без акрэдытацыі на польскі спадарожнікавы тэлеканал "Белсат".
13 студзеня мінулага гады суддзя Гомельскага раёна Аляксандр Лісоўскі прысудзіў Л. Шчыраковай буйны штраф за супрацоўніцтва з польскім тэлеканалам "Белсат", дзе быў паказаны зняты ёю ў пасёлку Урыцкае рэпартаж пра праблемы сельскіх жыхароў. 15 красавіка мінулага года суддзя суду Цэнтральнага раёна Гомеля Аляксандр Піскуноў пакараў яе буйным штрафам за рэпартаж пра ўцекачоў, зняты ў гомельскім аддзяленні Чырвонага Крыжа.
"У Беларусі я прайшла ўсе ступені судовай абароны і ўсё безвынікова, - адзначыла Шчыракова. - Я таксама звярталася з нагляднай скаргай да Генеральнага пракурора, аднак дарэмна. Атрымліваецца, па "белсатаўскіх справах" абароны ў краіне няма, таму я выкарыстала адзіна магчымы механізм абароны сваіх правоў на міжнародным узроўні".
Юрыст БАЖ Леанід Судаленка, які дапамагае ахвярам парушэнняў звяртацца ў міжнародныя структуры, адзначае, што справа журналісткі выявіла шэраг супярэчнасцяў нацыянальнага заканадаўства міжнародным дагаворам Беларусі.
"Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе кожнаму свабоду на збор і распаўсюд інфармацыі. Наш жа нацыянальны закон аб СМІ празмерна абмяжоўвае саму сутнасць гэтага права. - Я ўпэўнены, што ў гэтай справе будуць устаноўлены парушэнні правоў журналісткі" - адзначыў ён.